Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Камітэт правоў чалавека ААН прызнаў парушэньні правоў гомельскіх актывістаў АГП


Зінаіда Шуміліна, гомельская актывістка АГП, архіўнае фота
Зінаіда Шуміліна, гомельская актывістка АГП, архіўнае фота

Камітэт правоў чалавека Арганізацыі Аб’яднаных Нацый (ААН) прызнаў, што беларускія ўлады парушылі правы адразу 12 актывістаў Аб’яднанай грамадзянскай партыі (АГП) з Гомля на правядзеньне мірных сходаў і выказваньне сваёй думкі. Адпаведнае рашэньне было прынятае на апошняй сэсіі Камітэту, якая праходзіла ў Жэнэве. Паведамленьне пра гэта 25 жніўня зьявілася на праваабарончым сайце «Гомельская вясна».

У сваім рашэньні Камітэт адзначае, што беларускія ўлады парушылі «права заяўнікаў на свабоду правядзеньня мірных сходаў і, як вынік, на выказваньне думкі, паводле артыкулаў 19 і 21 Міжнароднага пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах». Таксама адзначаецца, што «фактычная забарона на правядзеньне мірных сходаў у любым грамадзкім месцы Гомля, за выключэньнем аднаго ў аддаленым раёне, залішне абмяжоўвае права на свабоду сходаў і свабоду выказваньня думкі». Камітэт называе «несувымерным цяжарам» абавязак, каб правесьці мірны сход, заключаць дамовы на паслугі міліцыі, мэдыкаў ды камунальнікаў.

На падставе прынятага рашэньня ўрад Беларусі мусіць зьмяніць рашэньне Гомельскага гарвыканкаму і Закон аб масавых мерапрыемствах, а таксама практыку іх ужываньня такім чынам, каб забясьпечыць кожнаму права на свабоду правядзеньня мірных сходаў.

Актывістка АГП Зінаіда Шуміліна і яе калегі па партыі паскардзіліся ў Камітэт ААН пасьля таго, як не знайшлі абароны сваіх правоў у Беларусі. Тады чыноўнікі Гомельскага гарвыканкаму запатрабавалі ад іх аплаціць паслугі міліцыі, камунальнікаў ды «Хуткай дапамогі» пры правядзеньні пікетаў. Акрамя таго, пікеты плянавалася правесьці ў цэнтры гораду, у той час як мясцовай пастановай гэта даззволена толькі ў адзіным месцы ў горадзе — на адкрытай пляцоўцы каля Дому культуры «ВІПРА».

Рашэньне Камітэту ўрад Беларусі павінен апублікаваць на расейскай і на беларускай мовах у афіцыйных СМІ і выканаць яго цягам 180 дзён.

Гэта ня першае падобнае рашэньне Камітэту правоў чалавека ААН адносна Беларусі. Ранейшыя ўладамі краіны не выконваліся.

Камітэт правоў чалавека ААН быў створаны ў 1976 годзе. Свае сэсіі Камітэт праводзіць тры разы на год у Жэнэве.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG