Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кіраўнік Пэнтагону назваў найбольш эфэктыўнай рэформу войска Ўкраіны ў час баявых дзеяньняў


Міністар абароны ЗША Джэймс Мэтыс
Міністар абароны ЗША Джэймс Мэтыс

Міністар абароны ЗША Джэймс Мэтыс заявіў, што падчас вядзеньня баявых дзеяньняў надзвычай цяжка праводзіць рэформы, але, дадаў ён, менавіта гэтая рэформа ва Ўкраіне можа быць найбольш эфэктыўнай.

Як сказаў ён падчас сустрэчы ў Кіеве зь міністрам абароны Ўкраіны Сьцяпанам Паўтаракам, прычына ў тым, што ўсе рашэньні правяраюцца з улікам баявых дзеяньняў, у якіх удзельнічаюць вайскоўцы.

«Разьвіцьцё моцнай Украіны — высакародная справа, і на гэтым шляху мы будзем вас падтрымліваць», — падкрэсьліў кіраўнік абароннага ведамства ЗША.

Украінскі міністар, са свайго боку, выказаў задавальненьне эфэктыўнасьцю вучэньняў, якія праводзяць амэрыканскія вайскоўцы ва Ўкраіне, паведаміла прэс-служба Мінабароны Ўкраіны.

Пасьля сустрэчы Паўтарак таксама напісаў у «Фэйсбуку»:

«Мы задаволеныя ўзроўнем нашага супрацоўніцтва з ЗША. У нас агульнае жаданьне дасягаць посьпехаў у двухбаковых дачыненьнях».

Раней у чацьвер Джэймса Мэтыса, які знаходзіцца ў Кіеве і раніцай узяў удзел ва ўрачыстасьцях з нагоды Дня Незалежнасьці, таксама прыняў прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка. На гэтай сустрэчы старшыня дзяржавы заявіў пра плян на пашырэньне абаронных магчымасьцяў Украіны і супрацоўніцтва са Злучанымі Штатамі Амэрыкі.

Джэймс Мэтыс (зьлева) і Пятро Парашэнка
Джэймс Мэтыс (зьлева) і Пятро Парашэнка

Што тычыцца намераў прадастаўленьня Злучанымі Штатамі Ўкраіне летальнай зброі, Парашэнка адзначыў, што гэта адно з абмеркаваных пытаньняў супрацоўніцтва для пашырэньня абараназдольнасьці Ўкраіны, але да ўхваленьня рашэньня яно мае патрэбу ў «цішыні».

«Я б не хацеў цяпер камэнтаваць гэтыя пытаньні, але магу сказаць, што абмеркаваньнем і нашай дыскусіяй я як прэзыдэнт Украіны задаволены. Мы бачым абсалютна выразную пазыцыю нашага стратэгічнага партнэра — Злучаных Штатаў Амэрыкі, і прагрэс на гэтым кірунку мяне як прэзыдэнта задавальняе», — сказаў ён.

Мэтыс у сваю чаргу заявіў, што актыўна вывучае магчымасьць перагляду пытаньня аб прадастаўленьні ЗША летальнага ўзбраеньня Ўкраіне. Паводле яго, па вяртаньні ў ЗША ён паведаміць сваю пазыцыю ў гэтым пытаньні прэзыдэнту Дональду Трампу і дзяржаўнаму сакратару Рэксу Тылерсану.

Таксама ён дадаў:

«Абароннае ўзбраеньне ня ёсьць правакацыйным сродкам, калі вы не агрэсар. І зразумела, што Ўкраіна не зьяўляецца агрэсарам. Яна абараняе сваю тэрыторыю», — падкрэсьліў кіраўнік Пэнтагону.

У той жа час ён выказаўся за захаваньне канфідэнцыйнасьці наконт перамоваў з прэзыдэнтам Парашэнкам у гэтым пытаньні.

Мэтыс падкрэсьліў, што ЗША адданыя працэсу разьвіцьця ўкраінскіх Узброеных сіл і дыпляматычным намаганьням для вырашэньня канфлікту на ўсходзе Ўкраіны.

«Не сумнявайцеся, ЗША падтрымліваюць Украіну», — сказаў міністар абароны ЗША.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG