У Сургуце ў сувязі з нападам 19 жніўня на мінакоў затрыманыя як мінімум 10 чалавек, двум зь іх — выхадцам Дагестану — ужо выстаўлены абвінавачваньні па артыкуле аб дапамозе тэрарызму.
Пра гэта Радыё Свабода паведамілі крыніцы ў мясцовай мусульманскай суполцы, а таксама крыніцы, блізкія да сьледчых органаў.
Ахвярамі нападу ў Сургуце 19 жніўня сталі сем чалавек, яны былі шпіталізаваныя з нажавымі раненьнямі. Адзін з пацярпелых знаходзіцца ў цяжкім стане. Паводле дадзеных Сьледчага камітэту, напад зрабіў 19-гадовы Артур Гаджыеў. Ён быў забіты пры спробе затрыманьня. У МУС заявілі, што злачынец аказваў супраціў паліцыянтам.
Нягледзячы на тое, што адказнасьць за напад у Сургуце ўзяла на сябе тэрарыстычная арганізацыя «Ісламская дзяржава», расейскія праваахоўныя органы пакуль афіцыйна не прызналі тое, што адбылося — тэрактам. Крымінальная справа заведзена па артыкуле аб «замаху на забойства».
У Крамлі нападу ў Сургуце пакуль ніяк не пракамэнтавалі.