Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Панчанка, № 100. Менскае «Дынама» прэзэнтавала імянную майку да юбілею паэта — вялікага аматара футболу


Гасьцямі ўрачыстасьцяў у Дзяржаўным музэі гісторыі беларускай літаратуры, прымеркаваных да 100-годзьдзя з дня нараджэньня народнага паэта Беларусі Пімена Панчанкі, былі і прадстаўнікі менскага футбольнага клюбу «Дынама».

Пімен Панчанка вельмі любіў футбол, імкнуўся не прапускаць матчы менскага «Дынама» ў чэмпіянаце СССР. А падчас замежных службовых выпраў стараўся наведваць футбольныя матчы з удзелам мясцовых камандаў.

Андрэй Панчанка, унук паэта, расказваў, што калі дзед быў малады, абавязкова хадзіў на матчы на стадыён.

«На памяць ведаў, дзе, хто і з кім гуляў. А наогул, калі „Дынама“ (Менск) выступала, ня мог сядзець на месцы. Вельмі перажываў, хадзіў па хаце...», — казаў Андрэй Аляксандравіч.

У гонар юбілею клясыка беларускай літаратуры кіраўнік аддзелу маркетынгу менскага «Дынама» Зьміцер Пракапенка ўручыў дырэктару музэю Зьмітру Яцкевічу гульнявую майку з прозьвішчам Панчанкі і сымбалічным нумарам — 100.

Як запэўніў кіраўнік музэю, майка зойме пачэснае месца ў экспазыцыі, прысьвечанай народнаму паэту Беларусі Пімену Панчанку.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG