Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Расеі «вязень Балотнай» Іван Няпомняшчых выйшаў на волю


Іван Няпомняшчых

Іван Няпомняшчых, асуджаны ў так званай «балотнай справе», выйшаў на волю зь яраслаўскай калёніі.

Пра гэта паведаміў у «Фэйсбуку» фонд «Грамадзкі вэрдыкт». Няпомняшчых вызвалены проста са штрафнога ізалятару, куды яго зьмясьцілі за трое сутак да заканчэньня тэрміну пазбаўленьня волі.

22 сьнежня 2015 года Замаскварэцкі суд Масквы прысудзіў Івану Няпомняшчых два з паловай гады пазбаўленьня волі паводле абвінавачаньня ва ўжываньні гвалту да прадстаўніка ўлады на Балотнай плошчы 6 мая 2012 году. Асуджаны, якога некалькі разоў зьмяшчалі ў штрафны ізалятар, скардзіўся на зьбіваньне супрацоўнікамі калёніі.

На ініцыятыву кіраўніцтва калёніі Няпомняшчых быў прызначаны адміністрацыйны нагляд. Ён прадугледжвае дадатковае абмежаваньне правоў і свабоды асуджанага, які ўжо панёс пакараньне. Суд забараніў Няпомняшчых пасьля вызваленьня з калёніі ўдзельнічаць у масавых мерапрыемствах і знаходзіцца паблізу месцаў іх правядзеньня. Яму таксама забаронена пакідаць месца жыхарства з 10 гадзін вечара да 6-й раніцы і выяжджаць за межы Маскоўскай вобласьці. Фонд «Грамадзкі вэрдыкт» абскардзіў гэтае рашэньне.

Улады Расеі кваліфікавалі падзеі на Балотнай плошчы 6 мая 2012 году як масавыя беспарадкі. Праваабаронцы лічаць, што сутыкненьні былі справакаваныя ўладамі, і абвясьцілі ўсіх «вязьняў Балотнай» палітычнымі зьняволенымі.

XS
SM
MD
LG