Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Украіна плянуе накіраваць у Беларусь двух экспэртаў для назіраньня за вучэньнямі «Захад-2017»


Міністэрства абароны Ўкраіны атрымала афіцыйнае запрашэньне Беларусі ўзяць удзел у назіраньні за правядзеньнем супольных беларуска-расейскіх вайсковых вучэньняў «Захад-2017».

«Украінскі бок атрымаў афіцыйнае запрашэньне ад Рэспублікі Беларусь для ўдзелу двух прадстаўнікоў Узброеных сілаў Украіны у вэрыфікацыйных захадах назіраньня за вайсковай дзейнасьцю падчас правядзеньня этапу практычных дзеяньняў вучэньняў „Захад-2017“ на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь у пэрыяд з 16 па 20 верасьня 2017 году», — паведамілі Свабодзе ў прэсавай службе Міністэрства абароны Ўкраіны.

Паводле прадстаўніка вайсковага ведамства Ўкраіны, гэтая працэдура адбываецца «у межах выкананьня палажэньняў Венскага дакумэнта ад 2011 году пра захады ўзмацненьня даверу ды бясьпекі ў Эўропе».

У прэсавай службе Міністэрства абароны ўдакладнілі, што Венскі дакумэнт ёсьць міжнародным пагадненьнем дзяржаваў-удзельніцаў Арганізацыі па бясьпецы і супрацоўніцтве ў Эўропе.

«Палажэньні гэтага дакумэнта ўключаюць штогадовы абмен вайсковай інфармацыяй пра сілы, разьмешчаныя на тэрыторыях краінаў-удзельніцаў, уключаючы мэханізм кансультацыяў у сувязі зь незвычайнай вайсковай дзейнасьцю, якая можа выклікаць заклапочанасьць, а таксама супрацоўніцтва ў дачыненьні да небясьпечных інцыдэнтаў ваеннага характару, назіраньне за пэўнымі відамі вайсковай дзейнасьці і гэтак далей. Вучэньні „Захад-2017“ ёсьць менавіта такімі», — адзначыў суразмоўца.

«На дадзены момант у нас толькі такая інфармацыя. У выпадку, калі сытуацыя і фармат зьменяцца, гэта стане вядома трохі пазьней», — дадаў прадстаўнік Міністэрства абароны Ўкраіны.

У расейска-беларускіх вучэньнях «Захад-2017», якія пройдуць 14–20 верасьня, плянуецца задзейнічаць каля 13 тысяч чалавек. Расейскія войскі пачалі прыбываць у Беларусь 15 жніўня. Вучэньні пройдуць на шасьці палігонах у Беларусі: Лепельскім, Барысаўскім, Лосьвідзе, Асіповіцкім, палігонах ВПС і войскаў СПА Ружанскім і Даманаўскім, а таксама паблізу вёскі Дрэтунь.

Сакратар Рады нацыянальнай бясьпекі ды абароны Ўкраіны Аляксандар Турчынаў заявіў, што арганізацыя і колькасьць вайсковых сілаў, задзейнічаных у супольных расейска-беларускіх вучэньнях «Захад-2017», сьведчыць пра падрыхтоўку ня толькі Ўзброеных сілаў Расеі, але і ўсёй расейскай дзяржавы, з адпаведнымі выдаткамі матэрыяльных і іншых рэсурсаў, да «вялікай вайны» з Захадам. l

XS
SM
MD
LG