Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як ва Ўкраіне адзначылі Дзень дзяржаўнага сьцяга. ФОТА


Прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка ўзьнімае дзяржаўны сьцяг Украіны
Прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка ўзьнімае дзяржаўны сьцяг Украіны

На Сафійскай плошчы Кіева кіраўнікі дзяржавы і гораду ўзялі ўдзел у цырымоніі ўзьняцьця ўкраінскага сьцяга.

Ужо 13 гадоў Украіна адзначае на дзяржаўным узроўні гэты дзень, зьвязаны з падзеяй 23 жніўня 1991, калі група дэпутатаў напярэдадні абвяшчэньня незалежнасьці Ўкраіны ўнесла сіне-жоўты сьцяг у залю парлямэнту.

Разам з прэзыдэнтам Украіны Пятром Парашэнкам сьцяг над Сафійскай плошчай ўзнімалі і пяць вызваліцеляў Данбасу — палкоўнік Давід Чубінашвілі, маёр Яўген Коваль, капітан Раман Скробак, лейтэнант Тарас Кучма і старшына Кірыл Шчукін. Выступаючы на цырымоніі, Парашэнка сказаў, што «расейскіх акупантаў ад украінскага сьцяга калоціць, як чарцей ад ладану», і прывёў у прыклад учынак крымчаніна Ўладзіміра Балуха, якога 4 жніўня раённы суд у анэксаваным Расеяй Крыме прысудзіў да трох гадоў і сямі месяцаў калёніі.

«Яны кінулі за краты Ўладзіміра Балуха — за тое, што ён на ўкраінскай зямлі ў Крыме, над сваім домам, вывесіў сьцяг Украіны», — падкрэсьліў Парашэнка і запэўніў, што «і Ўладзімір, і ўкраінскі Крым будуць свабоднымі ад Расеі і яе зялёных чалавечкаў».

З нагоды сьвята ўлады Кіева арганізавалі некалькі канцэртаў і фэстываляў, а ўвечары на Сафійскай плошчы актывісты грамадзкіх арганізацыяў разгорнуць найвялікшы ў сьвеце сьцяг Украіны.

У рамках урачыстых захадаў Парашэнка адкрыў выставу ўзбраеньня і вайсковай тэхнікі «Сіла непакорных» на Храшчаціку. У экспазыцыі 67 адзінак, у тым ліку ракетныя комплексы С-300 ПС, «Кропка-У», танк «Апора», самаходныя артылерыйскія ўстаноўкі, баявыя машыны пяхоты, бронетранспартэры, грузавыя і санітарныя аўтамабілі. Паказаная на выставе тэхніка пасьля сьвяткавання 26-й гадавіны Незалежнасьці Ўкраіны, якая будзе адзначацца 24 жніўня, адправіцца на пазыцыі ўкраінскіх вайскоўцаў у Данбасе.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG