Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кангрэс абмяжоўвае свабоду дзеяньняў Трампа ў дачыненьні Расеі


Адміністрацыя Дональда Трампа будзе абавязана папярэдне паведаміць Кангрэсу, калі яна вырашыць арганізаваць сумеснае амэрыканска-расейскае падразьдзяленьне для супрацоўніцтва ў галіне кібэрбясьпекі, пра магчымасьць стварэньня якога казаў прэзыдэнт Трамп.

Адпаведнае палажэньне было ўнесенае ў законапраект аб фінансаваньні дзейнасьці амэрыканскіх выведных службаў. Кангрэс абавязвае адміністрацыю падаць спэцыяльны даклад з падрабязнай інфармацыяй аб сакрэтах, доступ да якіх атрымае Масква; аб тым, якімі могуць быць негатыўныя наступствы такога супрацоўніцтва і як яны могуць быць нэўтралізаваныя.

Пра магчымасьць арганізацыі сумеснага амэрыканска-расейскага кібэрпадразьдзяленьня паведаміў сам прэзыдэнт Трамп у сацыяльных сетках пасьля сустрэчы з Уладзімірам Пуціным у ліпені. Паводле Дональда Трампа, ён абмеркаваў ідэю, мэтай якой зьяўляецца прадухіленьне ўмяшаньня ў выбарчы працэс абедзьвюх краінаў, з расейскім прэзыдэнтам. Гэтая ініцыятыва прэзыдэнта Трампа была сустрэтая рэзкай крытыкай, і ён сам больш публічна да яе не вяртаўся.

Гэта яшчэ адна спроба амэрыканскіх заканадаўцаў абмежаваць свабоду дзеяньняў Белага дома ў дачыненьні Расеі. Нядаўна Кангрэс ухваліў закон, які пазбаўляе прэзыдэнта ЗША правы зьмяніць рэжым санкцый у дачыненьні да расейскіх грамадзян і кампаній, уведзеных за анэксію Крыму, падтрымку сэпаратыстаў на ўсходзе Ўкраіны і ўмяшаньне ў амэрыканскі выбарчы працэс.

XS
SM
MD
LG