Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусам ня будуць выдаваць амэрыканскія візы ў Расеі праз скарачэньне пэрсаналу кансулятаў


Архіўнае фота
Архіўнае фота

Амэрыканская амбасада ў Маскве і консульства ў Санкт-Пецярбургу адмяняюць прыём візавых заяваў ад грамадзянаў Беларусі.

Як удакладняецца на сайце, «у якасьці адказу на рашэньне Масквы скараціць колькасьць дыпляматычнага пэрсаналу ЗША ў Расеі».

«Сумоўі для грамадзянаў Рэспублікі Беларусь, якія падалі заяву на неіміграцыйную візу ЗША і ўжо аплацілі консульскі збор, будуць пераназначаныя», — гаворыцца ў паведамленьні амбасады ЗША ў Расеі.

Амэрыканская дыпляматычная місія рэкамэндуе беларускім грамадзянам зьвяртацца для праходжаньня гутарак на атрыманьне неіміграцыйных візаў у амбасады ЗША ў Варшаве, Кіеве ці Вільні.

ЗША прынялі рашэньне з 23 жніўня прыпыніць працэдуру выдачы неіміграцыйных візаў па ўсёй Расеі. Працэдура будзе адноўленая ў Маскве з 1 верасьня. У іншых рэгіёнах яна прыпыненая на нявызначаны тэрмін.

У амбасадзе гэты крок патлумачылі захадамі расейскіх уладаў па абмежаваньні колькасьці супрацоўнікаў дыпляматычных місій у Расеі.

28 ліпеня МЗС Расеі абвясьціў аб скарачэньні да 455 чалавек пэрсаналу амэрыканскіх дыпляматычных місій у Расеі, у тым ліку тэхнічных супрацоўнікаў, а таксама аб забароне працаўнікам амбасады ЗША карыстацца дачай у Сярэбраным Бары і складзкім памяшканьнем у Маскве.

Крэмль назваў гэта адказам на прыняцьце Кангрэсам ЗША 27 ліпеня закону аб узмацненьні жорсткасьці санкцый супраць Расеі. У Дзяржаўным дэпартамэнце ЗША заявілі, што рашэньне Крамля «нічым не абгрунтавана».

Нагадаем, што ў сакавіку 2008 году пачаўся нявырашаны да сёньня дыпляматычны канфлікт Беларусь-ЗША, у выніку якога штат амэрыканскай амбасады ў сталіцы Беларусі быў скарочаны да пяці дыпляматаў. Канфлікт стварыў умовы, пры якіх амбасада ЗША страціла магчымасьць аказваць візавыя паслугі ў поўным аб’ёме. Шмат хто зь беларусаў, якія хацелі атрымаць амэрыканскія візы, былі вымушаныя падаваць просьбы на іх атрыманьне ў амбасадах ЗША ў Літве, Польшчы або Расеі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG