Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Амэрыканскі эсьмінец сутыкнуўся з танкерам у Паўднёва-Кітайскім моры. 10 маракоў зьніклі


Эсьмінец USS John S. McCain ВМФ ЗША, ілюстрацыйнае фота

Эсьмінец USS John S. McCain ВМФ ЗША 21 жніўня сутыкнуўся з нафтавым танкерам Alnic MC у Паўднёва-Кітайскім моры, на ўсход ад берагоў Малайзіі.

10 маракоў лічацца зьніклымі, ідзе ратавальная апэрацыя, заплянаванае расьсьледаваньне інцыдэнту. Пацярпела ня меней за 5 чалавек, зь іх чатырох эвакуявалі верталётамі ў шпіталь у Сынгапуры, пяты ня меў патрэбы ў дадатковай мэдыцынскай дапамозе.

Амэрыканскі карабель цяпер працягвае рух да сынгапурскай базы Чангі, разьліву паліва не адбылося. Але на корпусе карабля прыкметныя сьляды сутыкненьня.

Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп заявіў, што ён «думкамі і малітвамі» з маракамі.

Два месяцы таму іншы карабель 7-га флёту ЗША, да якога адносіцца і USS John S. McCain, сутыкнуўся з кантэйнэравозам у японскіх водах, сем чалавек загінулі. Марскі рух у раёне Сынгапуру — адзін з самых шчыльных у сьвеце, але розныя крыніцы кажуць, што два сутыкненьні вайсковых караблёў аднаго флёту ў адным раёне за адно лета — неверагодная рэдкасьць. Да таго здарэньня падобнае, калі вайсковы карабель у мірны час сутыкаўся зь іншым караблём, было ў 1964 годзе.

XS
SM
MD
LG