Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Барсэлёне ўшанавалі памяць ахвяраў тэрактаў, пошукі злачынцаў працягваюцца


Каралеўская сямʼя і кіраўнік ураду Гішпаніі ўзялі ўдзел у жалобным набажэнстве.

Кароль Гішпаніі Філіп VI, каралева Летыцыя і прэмʼер-міністар Марыяна Рахой у нядзелю ўзялі ўдзел у імшы памяці загіблых у тэрактах. Імша прайшла ў саборы Саграда Фамілія ў Барсэлёне.

Асноўныя пошукі кіроўцы фургону, што заехаў у натоўп людзей у Барсэлёне некалькі дзён таму, у нядзелю вяліся ў гарадах Рыполь і Манльеу на паўночным усходзе Гішпаніі.

Паліцыя ўстанавіла шматлікія блёкпосты ў пошуках 22-гадовага выхадца з Марока Юнэса Абуякуба. Мяркуюць, што менавіта ён стаяў за атакай, у выніку якой 13 чалавек загінулі і больш за 100 былі параненыя.

У выніку другой атакі, якая адбылася празь некалькі гадзінаў у курортным горадзе Камбрыльсе, загінуў адзін чалавек і былі параненыя шасьцёра. Тут аўтамабіль таксама заехаў у натоўп людзей, але паліцыя застрэліла пяцёх падазраваных пасьля таго, як яны выйшлі з машыны.

Акрамя Абуякуба ў вышуку знаходзяцца яшчэ двое падазраваных, уключна з імамам мячэці ў Рыполі. Улады мяркуюць, што ён мог наставіць на шлях радыкалізму некаторых выканаўцаў атакі.

Паліцыя ўжо затрымала чатырох чалавек, якіх яна падазрае ў датычнасьці да нападаў.

XS
SM
MD
LG