Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Затрыманы магілевец, які начыняў выбуховыя прылады цьвікамі, шрубамі і сьвінцом


У Магілёве міліцыя затрымалі 23-гадовага маладзёна паводле падазрэньня ў вырабе выбухованебясьпечных прадметаў.

Як паведамілі Белапан ва УУС Магілёўскага аблвыканкаму, 16 жніўня па тэлефоне 102 паступіла інфармацыя ад намесьніка старшыні аднаго з магілеўскіх гаражных каапэратываў, які распавёў, што ў гаражы знаходзіцца нейкі чалавек, а ў памяшканьні колбы зь невядомым рэчывам.

«Супрацоўнікі міліцыі Ленінскага РАУС Магілёву, якія прыбілі на месца, затрымалі 23-гадовага магілеўца. У гаражы, які, паводле яго, ён здымаў у знаёмага, былі знойдзеныя рэчывы, прыдатныя для вырабу выбуховых прыстасаваньняў», — распавялі ў РАУС.

Паводле першага намесьніка начальніка УУС Аляксандра Васільева, на кватэры ў затрыманага былі знойдзеныя хімічныя кампанэнты для вырабу выбуховых рэчываў і выбуховых прылад, самаробныя прадметы, зьнешне падобныя на агнястрэльную зброю, і боепрыпасы да іх.

Папярэдне ўстаноўлена, што затрыманы вырабляў выбуховыя прылады, начыненыя цьвікамі, шрубамі і сьвінцом і выпрабоўваў іх на адкрытай мясцовасьці.

Канфіскаваныя прадметы накіраваныя на экспэртызу. Магілёўскі міжрайадзьдзел Сьледчага камітэту распачаў крымінальную справу паводле артыкулу «незаконныя дзеяньні ў адносінах да агнястрэльнай зброі, боепрыпасаў і выбуховых рэчываў».

У Беларусі з дапамогай прыладаў, начыненых цьвікамі і іншым мэталам, зьдзяйсьняліся выбухі ў Віцебску ў 2005 годзе і ў менскім мэтро ў 2011.

XS
SM
MD
LG