Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ва Ўзбэкістане забаранілі вясельныя торты і вальсы


Прэзыдэнт Узбэкістану Шаўкат Мірзіяеў раскрытыкаваў правядзеньне пышных вясельляў у сваёй краіне. Пасьля гэтага шматлікія рэстарацыі, якія займаюцца правядзеньнем вясельных урачыстасьцяў, былі вымушаныя адмовіцца ад многіх «эўрапейскіх паслугаў».

— Перадусім рэстарацыі адмовіліся ад эўрапейскіх нумароў у выкананьні нашых танцораў. Гэтыя танцоры працуюць у дзяржаўных ансамблях. Вось ужо два месяцы яны не атрымліваюць заробкаў, вясельлі дапамагалі ім хоць неяк выжыць. Але цяпер нашых танцораў і гэтай радасьці пазбавілі, — кажа ў інтэрвію ўзбэцкай рэдакцыі Радыё Свабода ташкенцкі харэограф Цімур.

Пасьля заяваў прэзыдэнта аб неабходнасьці скасаваньня пышных вясельных цырымоніяў пацярпелі ня толькі мясцовыя танцавальныя групы. У апошнія гады на узбэцкіх вясельлях стала модна паказваць гасьцям міні-фільм з гісторыяй каханьня маладых. У размове са Свабодай прадстаўнік групы, якая займаецца здымкамі міні-фільмаў Love Story, кажа, што пасьля заяваў Мірзіяева каля дзесяці кліентаў адмянілі свае заказы.

Вясельнае застольле ва Ўзбэкістане
Вясельнае застольле ва Ўзбэкістане

У Інтэрнэт быў выкладзены рэкамэндаваны парадак правядзеньня вясельляў і іншых сямейных урачыстасьцяў ва Ўзбэкістане. Не рэкамэндуецца вальс жаніха і нявесты, сумеснае разразаньне торта, кіданьне букета, а таксама паказ міні-фільмаў Love Story. Акрамя таго, колькасьць гасьцей не павінна перавышаць 200-300 чалавек, не павiнна быць гучнай музыкі, легкавыя машыны толькі для жаніха і нявесты.

Узбэцкія ўлады ня першы год спрабуюць узяць пад кантроль правядзеньне вясельляў. Аднак жыхары краіны працягваюць ладзіць раскошныя вясельлі.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG