Фэдэральная канцлерка Ангела Мэркель рэзка асудзіла спробу турэцкага прэзыдэнта Рэджэпа Эрдагана аказаць уплыў на хаду перадвыбарнай кампаніі ў Нямеччыне.
«Мы не дазволім нікому, у тым ліку і прэзыдэнту Эрдагану, умешвацца ў свабодны выбар нашых грамадзян, у тым ліку нямецкіх грамадзян турэцкага паходжаньня», — заявіла Мэркель.
Пра гэта ў суботу паведаміла «Нямецкая хваля».
Кандыдат у канцлеры ад Сацыял-дэмакратычнай партыі Нямеччыны (СДПГ) Мартын Шульц таксама рэзка раскрытыкаваў спробу Эрдагана паўплываць на галасы нямецкіх выбарцаў. У задачы турэцкага прэзыдэнта не ўваходзіць даваць указаньні наконт хады выбараў у нямецкі Бундэстаг, — заявіў Шульц.
Раней прэзыдэнт Турэччыны Рэджэп Эрдаган заклікаў нямецкіх выбарнікаў турэцкага паходжаньня не галасаваць за кандыдатаў ад партыяў ХДЗ, СДПГ і «Зьвяз-90 / Зялёныя» на выбарах у Бундэстаг 24 верасьня. «Усе гэтыя партыі — ворагі Турэччыны», — заявіў Эрдаган, выступаючы з прамовай пасьля пятнічнай малітвы ў Стамбуле 18 жніўня.