Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Трамп адмовіўся ўдзельнічаць ва ўручэньні ўзнагароды Кенэдзі-цэнтру


Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп і першая лэдзі Мэлані Трамп ня будуць удзельнічаць ва ўрачыстасьцях з нагоды ўручэньня прэмій Кенэдзі-цэнтру, адной з галоўных узнагарод Амэрыкі ў галіне мастацтва.

Як заявіў Белы дом, такое рашэньне было прынятае, каб дазволіць падзеі адбыцца «без адцягваньня ўвагі на палітыку».

Традыцыйна ляўрэаты атрымліваюць аўдыенцыю ў Белым доме да пачатку мерапрыемства, аднак, у сувязі з нацягнутымі адносінамі Трампа з амэрыканскім сьветам мастацтва, сёлета двое зь ляўрэатаў адмовіліся ўдзельнічаць у прыёме.

У паведамленьні Белага дому гаворыцца, што прэзыдэнт і першая лэдзі вырашылі ня ўдзельнічаць у мерапрыемствах гэтага году, каб дазволіць ўшанаваньню прайсці без якога-небудзь адцягваньня ўвагі на палітычныя абставіны. У паведамленьні адзначаецца, што «першая лэдзі Мэлані Трамп разам са сваім мужам прэзыдэнтам Дональдам Трампам выказвае свае шчырыя віншаваньні і пажаданьні ўсім атрымальнікам ўзнагароды гэтага году за іх шматлікія дасягненьні».

Сёлета ганаровымі званьнямі ўзнагароджаны рэпэр LL Cool J, кубінска-амэрыканская сьпявачка Глёрыя Эстэфан, сьпявак Лаянэл Рычы, тэлевізійны драматург і прадусар Норман Лір, танцор і харэограф Кармэн дэ Лаваладэ.

Лір, 95-гадовы вэтэран Другой сусьветнай вайны, чые камэдыі, такія як «Джэфэрсан» і «Усе ў сям’і» атрымалі ў ЗША шырокую вядомасьць у 1970-80-я гады, пасьля таго, як ён быў аб’яўлены ляўрэатам, абвясьціў, што ня прыйдзе на прыём у Белым доме.

Трамп раззлаваў многіх у сьвеце мастацтва, калі ў сакавіку абвясьціў пра поўнае спыненьне фэдэральнай падтрымкі грамадзкага вяшчаньня і Нацыянальнага фонду мастацтваў.

XS
SM
MD
LG