Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка адмяніў указ аб продажы «Парытэтбанка» Віктару Пракапеню


Офіс "Парытэтбанка" ў Воршы з шыльдай у гонар Уладзімера Караткевіча на ім.
Офіс "Парытэтбанка" ў Воршы з шыльдай у гонар Уладзімера Караткевіча на ім.

Кіраўнік Беларусі адмяніў указ № 254 ад 18 лiпеня аб продажы інвэстыцыйнай кампаніі VP Capital бізнэсмэна Віктара Пракапені пакета акцый «Парытэтбанка» (99,83% у статутным фондзе), што належыць Рэспубліцы Беларусь.

Пра гэта паведамляе БелаПАН.

16 жніўня гэты ўказ «Аб адчужэньні акцый» страціў сілу, вынікае з дакумэнту, разьмешчанага 19 жніўня на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале.

У канцы чэрвеня вядомы IT-прадпрымальнік Пракапеня паведаміў, што зьбіраецца выкупіць «Парытэтбанк», каб пасьля ён змог купіць украінскія актывы «Ашчадбанку».

18 ліпеня ўказам прэзыдэнта купля за 50 млн даляраў была ўхваленая.

Аднак 3 жніўня стала вядома пра адкліканне заяўкі беларускага бізнесмена з Нацбанка Украіны.

«Мы прынялі рашэньне адклікаць з Нацыянальнага банку Ўкраіны заяўку на куплю ўкраінскага ПАО „Ашчадбанк“ для таго, каб сканцэнтравацца на іншых нашых заплянаваных інвэстыцыях і праектах, над якімі мы працуем. Пасьля глыбокага аналізу мы вырашылі, што праекты ў сфэры штучнага інтэлекту, якімі займаецца VP Capital, зьяўляюцца найлепшым выкарыстаньнем нашага часу», — цытуе Пракапеню прэс-служба VP Capital.

У сувязі з гэтым меркавалася, што зьдзелка па куплі «Парытэтбанку» не адбудзецца. «Парытэтбанк» застаецца ўласнасьцю цяперашняга ўладальніка — Рэспублікі Беларусь. Больш мне няма чаго пракамэнтаваць на сёньняшні момант«, — заявіў інтэрнэт-газэце Naviny.by прадпрымальнік.

«Парытэтбанк» — 15-ты банк Беларусі паводле велічыні актываў. Ён быў заснаваны 15 траўня 1991 году і мае прыблізна 25 аддзяленьняў па краіне. Паводле вынікаў першага кварталу 2017 году актывы банку складалі больш за 350 млн рублёў, абавязаньні — больш за 250 млн рублёў, уласны капітал банку — амаль 100 млн рублёў. 99,83% акцый банку належаць беларускай дзяржаве ў асобе Ўпраўленьня справамі прэзыдэнта.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG