Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Камітэт правоў чалавека ААН разгледзіць стан выкананьня ў Беларусі грамадзянскіх і палітычных правоў


Паседжаньне Камітэту правоў чалавека ААН у Жэнэве ў 2013 годзе. Архіўнае фота
Паседжаньне Камітэту правоў чалавека ААН у Жэнэве ў 2013 годзе. Архіўнае фота

Беларусь уключаная ў сьпіс краін, выкананьне ў якіх Міжнароднага пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах будзе разгледжаная падчас 122-й сэсіі Камітэту правоў чалавека ААН у сакавіку-красавіку 2018 году.

Гэта вынікае з інфармацыі, апублікаванай на сайце ўпраўленьня вярхоўнага камісару правоў чалавека ААН.

Паводле слоў праваабаронцы Рамана Кісьляка ў інтэрвію агенцтву БелаПАН, у чэрвені 2015 году ў Камітэце правоў чалавека ААН адбыўся першы этап справаздачнай працэдуры.

Перад Беларусьсю на падставе яе агульнай інфармацыі для некалькіх камітэтаў, пададзенай у 2011 годзе, а таксама зьвестак, атрыманых ад няўрадавых арганізацыяў, Камітэтам правоў чалавека ААН былі пастаўленыя канкрэтныя пытаньні па пэўных праблемах, на якія ўрад адказаў 30 сакавіка 2017 году.

На 122-й сэсіі будуць разглядацца адказы дзяржавы на гэтыя пытаньні, а таксама альтэрнатыўная інфармацыя, пададзеная беларускімі і міжнароднымі праваабарончымі арганізацыямі. Пасьля гэтага Камітэт вынесе свае заключныя заўвагі, якія Беларусь павінна будзе ўвасобіць у жыцьцё.

«Апошні даклад нашай дзяржавы быў разгледжаны ў гэтым Камітэце ў 1997 годзе. Таму Беларусь будзе даваць справаздачу аб прагрэсе выкананьня Міжнароднага пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах за 20 гадоў, — дадаў праваабаронца. — Беларусь ігнаравала свае абавязаньні што да падачы дакладаў, якія прадстаўляюцца, як правіла, з пэрыядычнасьцю раз на пяць гадоў, таму што ў краіне замест прагрэсу адбыўся моцны рэгрэс у сфэры правоў чалавека».

Беларусь, будучы яшчэ Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікай, ратыфікавала Міжнародны пакт аб грамадзянскіх і палітычных правах 5 кастрычніка 1973 году. Гэты дакумэнт увайшоў у сілу 23 сакавіка 1976 году.

Камітэт правоў чалавека ААН быў створаны ў 1976 годзе. Свае сэсіі Камітэт праводзіць тры разы на год у Жэнэве.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG