Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Курэйчык: Спадзяюся, што новы кіраўнік дэпартамэнту кіно будзе нармальным чалавекам


Андрэй Курэйчык

Драматург Андрэй Курэйчык сьцьвярджае, што спрычыніўся да кадравых ратацый на пасадзе начальніка аддзелу па кінэматаграфіі Міністэрства культуры Беларусі.

Стала вядома, што з ранейшай кіраўніцай Ірынай Беляковай не працягнуты кантракт. Вакантнае месца заняў былы намесьнік старшыні праўленьня тэлеканалу АНТ Аляксандар Рыдван.

«У мяне вялікая радасьць, — напісаў Андрэй Курэйчык у Фэйсбуку. З Ірынай Беляковай не працягнулі кантракт. Яе звольнілі. Менавіта яна, разваліўшы Магілёўскі кінапракат, па даволі подлай пратэкцыі заняла пасаду галоўнага чыноўніка па кіно ў Беларусі. Першым жа чынам яна дала інтэрвію, у якім сказала, што беларускае кіно не павінна займацца піярам, а павінна выходзіць ціха. Наступны яе подзьвіг — эпічная барацьба з нашым „Party-zan фільмам“. Яна двойчы спрабавала ня даць пракатнае пасьведчаньне, адзін раз яго анулявала, сарваўшы другі і трэці тыдзень пракату ў Менску. Пагражала кінатэатрам за паказ беларускага кіно. І, каб апраўдаць сваю подласьць, адправіла нашу нявінную камэдыю на камісію па супрацьдзеяньні экстрэмізму і парнаграфіі».

Андрэй Курэйчык перакананы, што Ірыну Белякову звольнілі ў тым ліку дзякуючы ягоным лістам у прэзыдэнцкую адміністрацыю і Савет міністраў, у якіх ён заяўляў пра некампэтэнтнасьць чыноўніцы.

«Дзякуй богу, у тым ліку і дзякуючы маім сьціплым намаганьням гэты цырк не застаўся незаўважаным, гэтую даму прыбралі. Бо зь першых дзён было зразумела, што яна не на сваім месцы, шкоды ад яе для беларускага кіно як ад бубоннай чумы, а карысьці — нуль. Год страчанага часу. За яе махінацыі ў Магілёве цалкам магчымыя і крымінальныя справы. Нашай кінагрупе яе пякельны трэш каштаваў заробкаў людзям. Спадзяюся, што новы кіраўнік дэпартамэнту кіно будзе нармальным чалавекам. Вельмі чакаем нармальнага чыноўніка ў беларускім кінэматографе».

Цягам году, які Ірына Белякова адпрацавала на сваёй пасадзе, прэтэнзіі на яе адрас з боку кінэматаграфічнай супольнасьці гучалі неаднаразова.

У Міністэрстве культуры агенцтву БелаПАН не пацьвердзілі і не абверглі інфармацыю пра тое, што Белякову звольнілі з прычыны незадаволенасьці яе працай.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG