Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Выйшла кніга твораў Тамаша Грыба, лідэра эсэраў і міністра БНР


Натальля Гардзіенка

У Горадні прэзэнтавалі кнігу Тамаша Грыба «Выбранае». Яе прадставіла адна з укладальніц — намесьніца дырэктара БДАМЛМ Натальля Гардзіенка. Гэта першае выданьне прац забытага ідэоляга беларускай дзяржаўнасьці Тамаша Грыба і першая прэзэнтацыя ягонай кнігі ў Беларусі.

Паводле Натальлі Гардзіенкі, асоба Тамаша Грыба незаслужана засталася ў цені беларускіх дасьледчыкаў. І вось урэшце падрыхтаваная кніга, якая мае на мэце прадставіць творчую спадчыну Тамаша Грыба. Ён пэўны час свайго жыцьця правёў у Горадні, быў двойчы ў 1919 годзе зьняволены польскімі ўладамі за беларускую незалежніцкую дзейнасьць і адбываў пакараньне ў гарадзенскай вязьніцы.

Асноўная частка кнігі складаецца з тэкстаў, якія Тамаш Грыб публікаваў пры жыцьці ў пэрыядычных выданьнях міжваеннага часу ў Вільні, Коўне, Празе. Некаторыя з тэкстаў не публікаваліся пры ягоным жыцьці, але захаваліся ў архівах.

Тамаш Грыб
Тамаш Грыб

Адным зь цікавых разьдзелаў кнігі, паводле ўкладальніцы, зьяўляецца перапіска Тамаша Грыба, дзе зьмешчаны лісты да Ўладзімера Жылкі, Міхася Мялешкі і іншых тагачасных беларускіх дзеячоў. Асобны разьдзел прысьвечаны ягоным біяграфічным зьвесткам, у якім пра асобу Грыба расказваюць ягоныя сучасьнікі.

Таксама асобным разьдзелам у кнізе перадрукаваны адзін з нумароў часопіса «Наш золак», які ў 1938 годзе быў прысьвечаны сьмерці Тамаша Грыба і зьмяшчаў нэкралёгі, напісаныя рознымі дзеячамі з нагоды гэтай сумнай падзеі.

У кнізе зьмешчаны матэрыялы ягонай асноўнай навуковай працы, зьвязанай са станаўленьнем беларускай нацыі. Падчас вучобы ў Карлавым унівэрсытэце ў Празе ён спэцыялізаваўся на тэме нацыі і праз гэтую тэорыю спрабаваў асэнсоўваць працэсы, якія адбываліся ў той час у жыцьці беларусаў.

— Менавіта гэтая праца паказвае, наколькі сур’ёзна і грунтоўна ім распрацоўвалася гэтая тэма. Ягоныя высновы, як ні дзіўна, вельмі актуальныя і цяпер для нас — амаль праз сто гадоў. Ён здолеў тады напісаць пра тое, над чым мы сёньня ламаем галовы ў пошуках нацыянальнай ідэі. У гэтым, вядома, пэўная каштоўнасьць, але і трагізм нашай сёньняшняй сытуацыі. Сучасьнікам варта чытаць ягоныя працы.

Тамаш Грыб — адзін з аўтараў Устаўных грамат БНР, сябра Рады БНР і яе Выканкаму ў 1918 годзе, займаў пасады міністра земляробства і міністра ўнутраных справаў.

Уваходзіў у Цэнтральную Беларускую вайсковую раду. Адзін зь лідэраў Беларускай партыі сацыялістаў-рэвалюцыянэраў. Скончыў філязофскі факультэт Карлавага ўнівэрсытэту. Абараніў доктарскую дысэртацыю на тэму «Паляне: пытаньне народу і нацыі». Памёр у 1938 годзе ў Празе, пахаваны на Альшанскіх могілках, але месца ягонай магілы невядомае.

***

Першая кніга падсэрыі «Спадчына: агледзіны» сэрыі «Бібліятэка Бацькаўшчыны» Згуртаваньня беларусаў сьвету «Бацькаўшчына» ўяўляе сабою складзены ўпершыню ў гісторыі зборнік выбраных прац грамадскага дзеяча, раднага БНР, публіцыста, архівіста Тамаша Грыба. У выданьне ўвайшлі як найбольш значныя і вядомыя публікацыі аўтара, так і тэксты ды ліставаньне, што не публікаваліся пры ягоным жыцьці. У кнізе можна таксама прачытаць сведчаньні сучасьнікаў пра Тамаша Грыба і знайсьці ягоную бібліяграфію. «Выбранае» Тамаша Грыба шырока і разнастайна прадстаўляе інтэлектуальную спадчыну дзеяча, маючы на мэце вяртаньне яго даробку ў айчынны філязофскі і гістарычны дыскурсы.

Укладаньне, падрыхтоўка тэкстаў, уступнае слова, агульнае рэдагаваньне — намесьніка дырэктара БДАМЛМ Натальлі Гардзіенкі і Лявона Юрэвіча. Камэнтары Андрэя Бучы, Натальлі Гардзіенкі і Лявона Юрэвіча. Бібліяграфія Андрэя Бучы.

Кнігу выдала Згуртаванне беларусаў свету "Бацькаўшчына". Беларускі дзяржаўны архіў-музэй літаратуры і мастацтва, а таксама Беларускі інстытут навукі і мастацтва ў Нью-Ёрку разам з "Бацькаўшчынай" зьяўляюцца сузаснавальнікамі падсэрыі "Спадчына: агледзіны", у якой выйшла кніга Тамаша Грыба.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG