Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На чэмпіянаце сьвету па лёгкай атлетыцы ў Лёндане беларускія спартоўцы не заваявалі ніводнага мэдаля


Без мэдалёў засталіся беларускія лёгкаатлеты на 16-м чэмпіянаце сьвету ў Лондане (4-13 жніўня).

Найлепшы вынік паказала Аліна Талай у бегу на 100 м з бар’ерамі — шостае месца.

У першай пяцёрцы мэдальнага заліку: ЗША (10 залатых, 11 сярэбраных, 9 бронзавых), Кенія (5, 2, 4), ПАР (3, 1, 2), Францыя (3, 0, 2), Кітай (2, 3, 2).

За два дні да заканчэньня спаборніцтваў старшыня Беларускай фэдэрацыі лёгкай атлетыкі, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Вадзім Дзевятоўскі напісаў у сацыяльнай сетцы «Фэйсбук»:

«У першую чаргу хочацца папрасіць прабачэньня ва ўсіх заўзятараў айчыннай лёгкай атлетыкі за выступ нашай зборнай на гэтым найбуйнейшым лёгкаатлетычным спаборніцтве году. Ведаю, што расчаравалі і не апраўдалі чаканьняў. Да галоўнага старту мы падышлі з крыўднымі стратамі. Але нават з тымі атлетамі, якія прыехалі ў Лёндан, мы, зыходзячы з выніковых пратаколаў, здольныя былі змагацца за мэдалі чэмпіянату сьвету. Хоць адзін, але мы абавязаны былі браць у гэтыя дні. Сказаць, што атлеты, на якіх мы разьлічвалі, не змагаліся, я не магу. Але факт больш красамоўны за ўсе абставіны: мэдалёў няма... Мы бачым, дзе былі дапушчаныя памылкі, і ведаем, як у будучыні іх пазьбегнуць. Мы бачым, у чым у нас ёсьць рэзэрв. Высновы пасьля летняга сэзону будуць зробленыя самыя сур’ёзныя, і мы з патройнай энэргіяй пойдзем толькі наперад».

На папярэднім ЧС у Пэкіне (22-30 жніўня 2015 году) беларуская зборная заваявала два мэдалі: залаты (Марына Арзамасава ў бегу на 800 м) і бронзавы (Аліна Талай у бегу на 100 м з бар’ерамі). На ўсясьветным першынстве 2013 году ў Маскве, як і цяпер, яна засталася без узнагарод.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG