У горадзе Ўагадугу, сталіцы Буркіна-Фаса, ня менш за 17 чалавек загінулі і сама меней 8 параненыя ў ноч на 14 жніўня ў выніку ўзброенага нападу на папулярны сярод іншаземцаў турэцкі рэстаран «Aziz Istanbul», перадае Reuters.
Вайскоўцы ў выніку перастрэлкі ліквідавалі трох нападнікаў, якія прыехалі да рэстарацыі на машыне і адкрылі агонь па наведніках, што сядзелі за столікамі на вуліцы.
Улады Буркіна-Фаса заявілі, што сярод забітых ёсьць грамадзяне некалькіх дзяржаваў, у тым ліку адзін француз. Пра пацярпелых зь Беларусі не паведамлялася.
Улады падазраюць у нападзе баевікоў, зьвязаных з тэрарыстамі «Ісламскай дзяржавы» — у студзені 2016 году на гэтай жа вуліцы ва Ўагадугу, у іншай кавярні, тэрарысты захапілі ў закладнікі 170 чалавек, 30 зь якіх загінулі. Адказнасьць за той напад узяла на сябе тэрарыстычная групоўка «Аль-Каіда».