Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Друкаваў на струменным прынтары. У Беларусі пачалі падрабляць новыя грошы


Фрунзенскі раённы аддзел Сьледчага камітэту ў Менску завяршыў расьсьледаваньне крымінальнай справы аб вырабе падробленых грашовых білетаў наміналам 20 BYN. Абвінавачваюцца два жыхары Менску.

Як адзначаецца на сайце Сьледчага камітэту, гэта першы выпадак у Беларусі, калі падрабляюць новыя грашовыя купюры.

Сьледзтва выявіла, што 28-гадовы мужчына друкаваў банкноты на струменным прынтары. Далей ён перадаваў іх свайму 26-гадоваму знаёмаму. Той ужо набываў розныя дробныя тавары: жуйкі, талёны для праезду ў грамадзкім транспарце, аплачваў праезд у маршрутных таксі. Рэшту, якую давалі сапраўднымі грашыма, абодва дзялілі паміж сабой.

Падчас ператрусу канфіскавалі кампутарную тэхніку, падробленыя банкноты наміналам 20 беларускіх рублёў, прынтар, нарыхтоўкі для пячатак з адбіткамі штампаў розных арганізацый, блянкі даведак аб даходах фізычнай асобы і іншыя прадметы.

Сьледчыя таксама выявілі факт вырабу падробленага афіцыйнага дакумэнту для атрыманьня крэдыту — даведкі аб даходах фізычнай асобы.

Справа перададзена пракурору для накіраваньня ў суд.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG