Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пуцін перадаў у Думу зьмены ў дакумэнт аб супольнай зь Беларусьсю сыстэме СПА. Што там новага?


«Ідзе працэс „адладкі“ Адзінай рэгіянальнай сыстэмы СПА Беларусі і Расеі, бо пакуль краіны нясуць паралельнае дзяжурства, а не сумеснае», — мяркуе вайсковы экспэрт Аляксандар Алесін.

Прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін 9 жніўня ўнёс у Дзяржаўную думу на ратыфікацыю пратакол аб унясеньні зьмяненьняў і дапаўненьняў у Пагадненьне паміж Расейскай Фэдэрацыяй і Рэспублікай Беларусь аб сумеснай ахове зьнешняй мяжы «саюзнай дзяржавы» ў паветранай прасторы і стварэньні Адзінай рэгіянальнай сыстэмы супрацьпаветранай абароны.

Пратакол быў падпісаны ў лістападзе 2016 году. Зьмены, якія ўносяцца цяпер, тычацца паняцьцевага апарату пагадненьня, арганізацыйных момантаў і парадку прымяненьня зброі супольнай сыстэмы СПА Расеі і Беларусі.

Само Пагадненьне аб сумеснай ахове мяжы Саюзнай дзяржавы было падпісана ў 2009 годзе, ратыфікавана ў 2013-м, але дагэтуль не працуе напоўніцу, кажа Свабодзе вайсковы экспэрт Аляксандар Алесін:

Аляксандар Алесін
Аляксандар Алесін

«Засталося яшчэ некалі пытаньняў, якія тычацца парадку камандаваньня адзінай рэгіянальнай сыстэмай СПА: хто будзе камандаваць ёй у мірны час, у ваенны час, дзе будзе разьмешчаны перадавы камандны пункт, дзе — галоўны камандны пункт, якія часткі і падразьдзяленьні ўвойдуць у ягоны склад, склад штабных структур і гэтак далей.

Да таго ж ёсьць яшчэ і спрэчныя пытаньні. Цяпер у мірны час, да пагражальнага пэрыяду — лічыцца, што такі пэрыяд папярэднічае пачатку ваенных дзеяньняў, — усе часткі і падразьдзяленьні СПА падпарадкоўваюцца нацыянальнаму камандаваньню. І толькі калі ўзьнікае непасрэдная пагроза, ствараецца адзіная структура, камандуючы ўступае ў свае правы. Ствараецца штаб, якому падпарадкоўваюцца ўсе часткі і падразьдзяленьні, і ён пачынае працаваць як самастойная адзінка.

Цяпер кожная дзяржава кіруе сваімі часткамі і падразьдзяленьнямі самастойна, хоць яны афіцыйна выдзеленыя ў склад Адзінай рэгіянальнай сыстэмы СПА.

Пытаньне ў чым? Калі тэрыторыю Беларусі парушыць нейкае паветранае судна, і беларускі прэзыдэнт вырашыў яго не зьбіваць, а камандуючы Адзінай рэгіянальнай сыстэмай СПА, расеец, які знаходзіцца ў цэнтральным камандным пункце, прыме рашэньне зьбіваць — узьнікае калізія. Калі камандуючаму патрэбныя санкцыі беларускага кіраўніка, то гэта ўжо не камандуючы: тут вырашаць трэба хутка. Уварваўся самалёт ці нейкі іншы паветраны аб’ект — трэба зь ім штосьці рабіць. Хто вырашае, як паступіць?

Да нядаўняга часу быў намінальны камандуючы — камандуючы ВПС і СПА Алег Дзьвігалёў, які тры тыдні таму быў прызначаны старшынём Дзяржаўнага вайскова-прамысловага камітэту Беларусі. Каго зараз прызначаць кіраваць ВПС і СПА, невядома. Прызначаюцца камандуючыя Адзінай рэгіянальнай сыстэмай на ратацыйнай аснове, па чарзе — на пэўны час расейскі, потым беларускі.

То бок ёсьць яшчэ шмат пытаньняў, якія неабходна рэглямэнтаваць і зацьвердзіць. Але яны ўжо прымаюцца не на ўзроўні закону, а ў выглядзе падзаконных актаў, указаў, зьмяненьняў і дадаткаў. Думаю, ідзе працэс «адладкі» рэгіянальнай сыстэмы СПА, бо пакуль яна — яшчэ не адзіны мэханізм. Краіны вядуць паралельнае дзяжурства, а не сумеснае".

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG