Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гістарычны будынак школы ў Берштах на Гарадзеншчыне чакае аўкцыён ці бульдозэр


Так выглядае цяпер будынак былой Берштаўскай школы

«Гроднасельбуд», уласьнік будынку былой Берштаўскай школы Шчучынскага раёну, плянуе рыхтаваць цяпер занядбаны будынак для продажу. Школа на працягу дзесяці год зачыненая, зарасла хмызьняком і нікім не выкарыстоўваецца, хаця знаходзіцца на беразе цудоўнага возера ў Берштаўскай пушчы.

Сярод жыхароў Берштаў пайшлі чуткі, што школу хочуць зруйнаваць. Мясцовых людзей гэта зачапіла. У Берштах жыве палітык Аляксандар Мілінкевіч, які зьмясьціў у сеціве здымкі школы. Ён паведаміў, што гэты будынак — адзін з помнікаў мясцовай гісторыі.

Будынак памятае даваенны беларускі рух

Паводле Мілінкевіча, драўляны будынак выдатна захаваўся. Ён зь «венскімі вокнамі», з высокім 4-х схільным дахам, на беразе вялікага возера жывапіснай Берштаўскай пушчы. Будынку сёлета спаўняецца 80 гадоў, ён памятае апошнія падзеі шырокага даваеннага беларускага руху на Гарадзеншчыне, калі на адкрыцьці гэтай школы ў 1937 годзе насуперак жаданьням улады ад адукацыі берштаўская моладзь паставіла ня польскі спэктакль, а купалаўскую «Паўлінку».

Будынак былой Берштаўскай школы
Будынак былой Берштаўскай школы

— Тут чытаў свае вершы жыхарам вёскі апошні народны паэт Беларусі Рыгор Барадулін... Кім мы будзем, калі застанемся бяз памяці? — пытаецца Аляксандар Мілінкевіч.

Тут месца гістарычнае

Гарадзенскі гісторык Сяргей Токць, які напісаў кнігу пра гісторыю Берштаў, сам скончыў гэтую школу. Ён удакладняе, што будынак Берштаўскай школы быў пабудаваны ў 1902 годзе і функцыянаваў як рамесьніцкае вучылішча яшчэ ў царскай Расеі. Потым неаднойчы перабудоўваўся і быў зроблены вельмі дыхтоўна. За савецкім часам тут мясьцілася сярэдняя школа, у 90-я — базавая, але дзесяць год таму яе закрылі.

— Гэта была апошняя вясковая інстытуцыя, на якой трымаліся Бершты, бо ўжо закрылі шпіталь, у іншую вёску перанесьлі сельсавет, засталіся толькі крама і клюб, — з жалем кажа Токць.

Унутры будынку былой Берштаўскай школы
Унутры будынку былой Берштаўскай школы

Паводле гісторыка, у цывілізаванай краіне ў такім месцы, на беразе возера, такі будынак набыў бы прыватнік і зрабіў там нешта кшталту гатэля, а тут школа належала розным арганізацыям, але ніхто нічога за дзесяць год так і не зрабіў. Токць нагадвае, што ў Берштах ня толькі прыгожая прырода для адпачынку, але і багатая гісторыя: ён узгадвае, што Магдэбургскае права для Горадні таксама было падпісана ў Берштах.

— Тут месца яшчэ і гістарычнае, але ў нас ўсё зроблена так, што нават калі нешта і ёсьць, то ніхто ня ведае, як гэта выкарыстаць. У мяне ёсьць надзея, што школа ўсё ж так і застанецца стаяць, спадзяюся, што ўласьнікі ня знойдуць сродкаў на тое, каб яе разабраць, бо за 10 год зь ёй так ніхто нічога і не зрабіў.

Сельсавет напіша прадпісаньне

Старшыня Астрынскага сельсавету Ганна Бекіш распавяла Свабодзе, што сама бачыла, у якім стане знаходзіцца будынак школы, яна зьбіраецца напісаць прадпісаньне ўласьнікам, каб вялі належны догляд за тэрыторыяй. Паводле яе, уся праблема ў тым, што ніхто цяпер ня мае грошай на тое, каб трымаць падобныя будынкі ў належным стане.

— У нас у Астрына ёсьць больш цікавыя будынкі, якія таксама нікому непатрэбныя, бо на іх утрыманьне папросту няма сродкаў, а бяз грошай нічога ня зробіш,— падводзіць вынік нашае размовы Ганна Бекіш.

Унутры будынка былой Берштаўскай школы
Унутры будынка былой Берштаўскай школы

Уласьнікі: Будзем прадаваць

Намесьнік генэральнага дырэктара «Гроднасельбуда» Дзьмітры Біч патлумачыў Свабодзе, што будынак былой школы развальваць ніхто не зьбіраецца. Маўляў, займаемся прыборкай тэрыторыі і будзем выстаўляць на продаж, кажа ён:

— Мы набывалі яе, каб зрабіць тут базу адпачынку для сваіх працаўнікоў, але час такі, што мы ня можам інвэставаць у падобныя праекты, не стае на гэта сродкаў.

У Берштах, над возерам
У Берштах, над возерам

У сеціве пачалося абмеркаваньне праблемы, людзі пішуць, што падобных старых будынкаў у Беларусі не адзінкі і нават не дзясяткі, іх тысячы і яны бясьсьледна зьнікаюць.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG