Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Экспэрт: Трамп папярэджвае Паўночную Карэю, але Пхэньян — толькі пешка ў гульні з Кітаем


Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп заявіў 8 жніўня пра тое, што ЗША адкажуць «агнём і лютасьцю» на паўночнакарэйскія пагрозы на адрас Злучаных Штатаў. Заява прэзыдэнта прагучала пасьля публікацыі ў газэце The Washington Post — у яе інфармацыі прыводзіліся высновы аналітыкаў амэрыканскай вайсковай выведкі аб тым, што Пхэньяну ўдалося стварыць мініятурную ядзерную боегалоўку, якая можа быць выкарыстана ў балістычных ракетах.

Небывала рэзкія словы прэзыдэнта выклікалі шматлікія здагадкі, які адказ можа рыхтаваць Вашынгтон. Аднак, як кажуць некаторыя амэрыканскія спэцыялісты, ключ да нэўтралізацыі паўночнакарэйскай ядзернай праграмы знаходзіцца ў Пэкіне.

Фраза прэзыдэнта Трампа, сказаная ім у адказ на нечаканае пытаньне рэпартэра пра Паўночную Карэю, прагучала сэнсацыйна: «Найлепшае для Паўночнай Карэі — больш не пагражаць Злучаным Штатам. Яны будуць сустрэтыя агнём і лютасьцю, якіх сьвет яшчэ ня бачыў».

Дональд Трамп ў мінулым заяўляў пра тое, што ён у ролі прэзыдэнта не дазволіць Пхэньяну пагражаць ЗША ядзернай зброяй, але папярэджаньне пра гатоўнасьць адказаць агнём, як піша газэта The New York Times, далёка выходзіць за рамкі цьвёрдых, але вывераных заяваў, якіх прытрымліваліся амэрыканскія прэзыдэнты. У словах прэзыдэнта аўтарам газэты чуецца «страшэнны мова, якая наводзіць жах абмену ядзернымі ўдарамі».

Дональд Трамп і Кім Чэн Ын — героі навінаў у Паўночнай Карэі
Дональд Трамп і Кім Чэн Ын — героі навінаў у Паўночнай Карэі

Газэта The Washington Post называе фразу Дональда Трампа «славеснай гранатай». Некаторыя амэрыканскія заканадаўцы і назіральнікі лічаць такія папярэджаньні прэзыдэнта контрпрадуктыўнымі. Уплывовы сэнатар-дэмакрат Даян Файнстайн папракнула прэзыдэнта ў тым, што ён абцяжарвае рашэньне праблемы сваімі «напышлівымі» заявамі. Рэспубліканец Джон Маккейн паскардзіўся на тое, што такія словы прэзыдэнта могуць «падштурхнуць нас да сур’ёзнай канфрантацыі».

Сэнатар Джон Маккейн
Сэнатар Джон Маккейн

Некаторыя з камэнтатараў папярэджваюць, што падобныя рэплікі ўносяць нэрвовасьць і могуць справакаваць нечаканыя дзеяньні Пхэньяну, які ў адказ на жорсткія словы прэзыдэнта Трампа паабяцаў ператварыць Гуам, дзе знаходзіцца найбуйнейшая амэрыканская вайсковая база ў Азіяцка-Ціхаакіянскім рэгіёне, у востраў агню.

Але раздаюцца і іншыя галасы. «Гэта больш небясьпечны момант, чым тыя, зь якімі сутыкаліся папярэднікі Трампа, — лічыць Марк Дубавіц, кіраўнік вашынгтонскага Фонду абароны дэмакратыі. — Звычайная дыпляматычная мова, якая гучала з Вашынгтону, не пераканала Кіма [лідэр КНДР Кім Чэн Ын — РС] і ягоны рэжым у рашучасьці Злучаных Штатаў. Новая мова падкрэсьлівае, што ў самой магутнай краіны сьвету ёсьць варыянты дзеяньняў у адказ».

Некаторыя назіральнікі кажуць, што прэзыдэнт Трамп, дзейнічаючы гэтак незвычайна, спрабуе пераканаць Пэкін угаварыць Кім Чэн Ына, пагражаючы магчымасьцю канфлікту на межах Кітаю.

Кім Чэн Ын на інспэкцыі ў ракетнай часьці
Кім Чэн Ын на інспэкцыі ў ракетнай часьці

Да якіх дзеяньняў можа зьвярнуцца Белы дом, ніхто з рэспэктабэльных аналітыкаў не бярэцца прадказваць. Фармальна адміністрацыя Трампа трымае на стале сілавы варыянт дзеяньняў, хоць усе прызнаюць, што закладнікам у такой сытуацыі можа стаць Паўднёвая Карэя, сталіца якой знаходзіцца ў радыюсе дзеяньня паўночнакарэйскай артылерыі. Вышэйшыя прадстаўнікі адміністрацыі Трампа настойваюць на тым, што ЗША ўсё яшчэ маюць намер дамагацца нэўтралізацыі паўночнакарэйскай ядзернай праграмы сродкамі дыпляматыі. У апошні час некаторыя паўднёвакарэйскія палітыкі пачалі заклікаць Вашынгтон разьмясьціць у Паўднёвай Карэі тактычную ядзерную зброю, якое знаходзілася там да 1991 году. Ідзе размова і аб разьмяшчэньні на тэрыторыі краіны амэрыканскіх супрацьракетных комплексаў.

Суразмоўца Радыё Свабода Анджэла Кадэвіла, ганаровы прафэсар Бостанскага унівэрсытэту, у мінулым супрацоўнік сэнацкага камітэту па выведцы, лічыць, што рэальным апанэнтам Злучаных Штатаў у гэтым супрацьстаяньні зьяўляецца Кітай:

Анджэла Кадэвіла: Паўночная Карэя ніколі не была незалежным гульцом. Карэйская вайна не была ініцыяваная Кім Ір Сэнам, яна пачалася з ініцыятывы Кітаю і Савецкага Саюзу. Сёньня Паўночная Карэя мае ролю пешкі ў гульні Кітаю зь Японіяй, Паўднёвай Карэяй і ЗША з мэтай выцесьніць ЗША з Азіяцка-Ціхаакіянскага рэгіёну. Пхэньян ў гэтым выпадку толькі інструмэнт ў гульні, якая значна большая за яго самога.

РС: Некаторыя амэрыканскія назіральнікі загаварылі пра тое, што ЗША і сьвету давядзецца зьмірыцца з ператварэньнем Паўночнай Карэі ў ядзерную дзяржаву і дзейнічаць зыходзячы з гэтага. Магчымасьцяў прадухіліць такі паварот падзей няма. Вы згодны з гэтым?

Анджэла Кадэвіла: Я належу да тых, хто лічыць, што паўночнакарэйская праблема можа быць вырашана шляхам стварэньня надзейнай сыстэмы супрацьстаяньня Кітаю і Паўночнай Карэі. Для нас уяўляе значна большую небясьпеку неабароненасьць ад кітайскага ракетнага ўдару, чым ад паўночнакарэйскага. Папярэджаньне прэзыдэнта Трампа ня будзе мець вагі, пакуль у нас і саюзьнікаў ня будзе рэальнай магчымасьці атрымаць верх ў патэнцыйным канфлікце ў гэтым рэгіёне. А цяпер для гэтага ўмоваў няма. Таму ЗША цяпер ня могуць рэальна супрацьстаяць Кітаю.

для нас уяўляе значна большую небясьпеку неабароненасьць ад кітайскага ракетнага ўдару, чым ад паўночнакарэйскага.

Я б ня ставіўся сур’ёзна да заявы Дональда Трампа, таму што на яго рахунку ўжо нямала папярэджаньняў, пра якія ён неўзабаве забываў. У самым пачатку прэзыдэнцтва ён меў магчымасьць даказаць Пэкіну сур’ёзнасьць сваіх намераў. Падчас тэлефоннай размовы з прэзыдэнтам Тайваню прэзыдэнт ЗША мог прапанаваць яму дапамогу ў забесьпячэньні надзейнай абароны Тайваню ў выпадку кітайскай агрэсіі. Гэта быў бы сыгнал ўсяму рэгіёну і Кітаю пра сур’ёзнасьць намераў Вашынгтону ў дачыненьні да падтрымкі сваіх саюзьнікаў і сваіх інтарэсаў. Але прэзыдэнт прапусьціў гэтую магчымасьць і пасьля нават паспрабаваў пазбавіць значнасьці гэты сваю размову з прэзыдэнтам Тайваню.

РС: Многія чакаюць, што ў выніку апошніх падзей ЗША могуць аднавіць разьмяшчэньне ў Паўднёвай Карэі супрацьракетных комплексаў THAAD, супраць чаго рэзка выступаюць Кітай і Расея. Гэта важны крок?

Анджэла Кадэвіла: Гэта выдатная сыстэма, якая можа забясьпечыць надзейную абарону ад ракетнага ўдару, калі яна будзе разьмешчана ў дастатковых колькасьцях і будзе валодаць магчымасьцю зьбіраць поўную інфармацыю аб запусках ракет, чаго комплексы, разьмешчаныя ў Паўднёвай Карэі, пакуль зрабіць ня могуць. Пэкін, як і Масква, моцна ўстрывожаныя тым, што радары, якія абслугоўваюць гэтую сыстэму, будуць здольныя назіраць за запускамі ракет у радыюсе некалькіх сотняў кілямэтраў на тэрыторыі Кітаю і Расеі, што дае ЗША невялікую перавагу ў раньнім выяўленьні ракетных нападаў, накіраваных на Злучаныя Штаты.

Іншымі словамі, задача Кітаю ў супрацьстаяньні вакол Паўночнай Карэі — дамагчыся захаваньня цяперашняй палітыкі ЗША, якая дазваляе яму захаваць Пхэньян ў якасьці сваёй пешкі і пакідае ЗША неабароненымі ад ракетнай атакі з боку Паўночнай Карэі ці Кітаю, — кажа ганаровы прафэсар Бостанскага унівэрсытэту, у мінулым супрацоўнік сэнацкага камітэту па выведцы Анджэла Кадэвіла.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG