Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Справу Баразенкі за «таварны знак» «Белсату» адправілі на дапрацоўку


Аляксандар Баразенка, фота з архіву

Судзьдзя Дзьмітры Цыкал накіраваў справу Аляксандра Баразенкі на дапрацоўку ў Першамайскае РУУС для выпраўленьня недахопаў і хібаў у пратаколе, які склаў опэрупаўнаважаны Дзьмітры Падрэз.

Міліцыянт выкарыстаў у пратаколе паняцьце «таварны знак», якога ў заканадаўстве няма.

9 жніўня ў судзе Першамайскага раёну адбылося другое паседжаньне па справе Баразенкі. Судзьдзя дапытаў двух сьведак, якія былі панятымі пры канфіскацыі відэатэхнікі ў ізалятары часовага ўтрыманьня. Сьведка Аляксандар Янкоўскі распавёў, як на Акрэсціна камэру даставалі з пакету, і адзначыў, што Баразенка адразу сказаў: налепкі не ягоныя.

Сьведка Аляксей Мінчонак, прадстаўнік «Белсату» ў Беларусі, на пытаньне адвакаткі Ларысы Атаманчук, ці выкарыстоўваюць супрацоўнікі «Белсату» тэхніку з налепкамі, адказаў, што яны ніколі не парушалі закон і не наклейвалі ніякіх налепак на тэхніку. Ніхто ніколі ня бачыў ніякіх налепак і на відэакамэры Аляксандра Баразенкі.

Опэрупаўнаважаны Дзьмітры Падрэз, які 18 ліпеня складаў пратакол аб парушэньні Баразенкам аўтарскіх правоў, заблытаўся ў паняцьцях «суб’ект», «аб’ект» і «таварны знак».

Таксама судзьдзя адмовіўся задаволіць хадайніцтвы адвакаткі правесьці экспэртызу адбіткаў пальцаў на налепках і далучыць да справы экспэртызу на паліграфе (дэтэктары хлусьні).

Судзьдзя вырашыў вярнуць справу на дапрацоўку ў Першамайскае РУУС.

«Нават судзьдзя зразумеў, што лепш перакласьці адказнасьць на супрацоўнікаў міліцыі. Можа, у Першамайскім РУУСе таксама зразумеюць, што гуляюць брудна, і спыняцца. Гэтая справа можа хутка спыніцца, а можа падвіснуць на некалькі месяцаў. Тэхніка застаецца ў Першамайскім РУУСе», — пракамэнтаваў вынік сёньняшняга судовага паседжаньня Аляксандар Баразенка.

Алесю Баразенку пагражае штраф ад 460 да 1150 рублёў, а таксама канфіскацыя прафэсійнай тэхнікі тэлеканалу «Белсат», якую ў яго забралі падчас арышту 25 сакавіка 2017 году на акцыі пратэсту. 31 сакавіка ў офісах «Белсату» прайшлі ператрусы. Пасьля ператрусаў на забраных відэакамэрах, у тым ліку і на Баразенкавай, зьявіліся налепкі зь лягатыпам «Белсат».

Першае судовае паседжаньне адбылося 3 жніўня.

XS
SM
MD
LG