Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Улады Казахстану гатовыя плаціць грошы, каб людзі пераяжджалі бліжэй да мяжы з Расеяй


Улады Казахстану ініцыявалі маштабны праект па пераезду людзей з поўдня на поўнач, бліжэй да межаў Расеі.

Прычынай «вялікага перасяленьня» называецца тое, што сёньня 55% насельніцтва рэспублікі засяроджана ў пяці вобласьцях: Паўднёва-Казахстанскай, Жамбылскай, Кызылардынскай, Мангістаўскай і Алмацінскай. Пры гэтым менавіта ў гэтых рэгіёнах сёньня назіраецца недахоп працоўных месцаў.

На поўначы пры гэтым сытуацыя супрацьлеглая. У Паўночна-Казахстанскай, Усходне-Казахстанскай, Паўладарскай і Кастанайскай абласьцях колькасьць насельніцтва няўхільна скарачаецца, а на мясцовых прадпрыемствах і ў сялянскіх гаспадарках не хапае работнікаў.

«Ёсьць у краіне, тым больш у паўночных рэгіёнах, пытаньні з дэмаграфічнай сытуацыяй, — прызнаў віцэ-міністар працы і сацыяльнай абароны насельніцтва Казахстану Біржай Нурымбетаў. — Мы праводзілі вялікі аналіз. Калі тэндэнцыі будуць захоўвацца, то ў бліжэйшыя пяць гадоў, а менавіта да 2022 году, у гэтых чатырох абласьцях колькасьць эканамічна актыўнага насельніцтва паменшыцца на 167 тыс чалавек».

Каб вырашыць праблему «выраўноўваньня» насельніцтва на поўдні і на поўначы, улады Казахстану абяцаюць аказваць фінансавую дапамогу перасяленцам. Толькі сёлета на перасяленьне 288 семʼяў з казны выдзяляюць 710 млн. тэнге — гэта больш за 2 млн даляраў. Кожны перасяленец атрымае па 240 даляраў непасрэдна на пераезд, а таксама кампэнсацыю выдаткаў на арэнду жытла і камунальных паслугаў на працягу аднаго году.

«Калі працадаўца з поўначы гатовы прыняць да сябе на працу супрацоўніка з поўдня і вырашыць усе яго сацыяльныя праблемы, вырашыць пытаньне з жытлом — мы гатовыя выплачваць гэтыя субсыдыі працадаўцу», — заявіў Нурымбетаў.

Усяго цягам бліжэйшых чатырох гадоў плянуецца перасяліць з паўднёвых рэгіёнаў Казахстану ў паўночныя вобласьці 59 тысяч семʼяў.

У мінулы раз маштабнае перасяленьне казахаў у тым жа кірунку пачалося роўна 20 гадоў таму. У сьнежні 1997 году ўрад і ўсе дзяржаўныя органы пакінулі кабінэты ў ранейшай сталіцы Казахстану Алма-Аце і пераехалі ў былы Целінаград. У траўні 1998 году Акмала атрымала новую назву — Астана, што ў перакладзе з казаскай значыць «сталіца». А ўжо празь месяц, 10 чэрвеня, Астану афіцыйна прадставілі сьвету ў якасьці новай сталіцы Казахстану. За дваццаць гадоў насельніцтва Астаны вырасла ў тры разы: з 300 тыс чалавек да больш як 900 тыс.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG