Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У польскім пашпарце плянуюцца выявы віленскай Вострай брамы і капліцы ў Львове. Літва і Ўкраіна пратэстуюць


Вострая Брама ў Вільні
Вострая Брама ў Вільні

Украіна і Літва пратэстуюць супраць намеру адміністрацыі Польшчы разьмясьціць на старонках новага польскага пашпарту выявы капліцы ў Львове і Вострай брамы ў Вільні.

Міністэрства ўнутраных справаў Польшчы плянуе, што на старонках новага пашпарту, які пачнуць выдаваць ад 2018 году, будзе фота вайсковага мэмарыялу на тэрыторыі Лычкоўскіх могілак у Львове, дзе знаходзяцца польскія вайсковыя пахаваньні, а таксама Вострая брама ў Вільні. Праект старонкі з Вострай Брамай выстаўлены на конкурс, ён лідэр галасаваньня, рашэньне аб выяве Львоўскай капліцы прынятае. І Ўкраіна, і Літва разглядаюць гэта як недружалюбны акт з боку Польшчы.

У МЗС абедзьвюх краінаў были выкліканыя польскія амбасадары і папярэджаныя, што такіх выяваў у польскім пашпарце быць не павінна.

Таксама 28 польскіх журналістаў і экспэртаў зьвярнуліся з адкрытым лістом да ўладаў сваёй краіны зь перасьцярогай ад зьяўленьня гэтых выяваў у пашпарце Польшчы.

«Важна ўлічыць, колькі спрэчак і рознагалосьсяў можа выклікаць выкарыстаньне месцаў, якія зьяўляюцца часткай суседніх з Польшчай гарадоў Вільнюса і Львова, для ілюстрацыі дакумэнта, які пацьвярджае польскае грамадзянства», — адзначаюць аўтары звароту.

Ад 1922 па 1939 гады Вільня ўваходзіла ў склад Польшчы, Львоў уваходзіў у яе склад ад 1919 па 1939 гады.

«Праз сто гадоў пасля абвяшчэньня незалежнасьці Польшча — ужо зусім іншая дзяржава, чым было ў мінулым», — адзначаюць аўтары звароту. Таму просяць зьняць малюнак з конкурсу, які ў сёньняшнім выглядзе можа прывесьці да крызысу ў адносінах паміж трыма краінамі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG