Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прафсаюз РЭП заклікае папоўніць шэрагі арганізацыі на знак салідарнасьці з затрыманым сябрам


Офіс прафсаюзу РЭП на вуліцы Кульман у Менску пасьля ператрусу. На фота - прэс-сакратар прафсаюзу Мікалай Герасіменка

Прафсаюзны актыў зьвярнуўся да грамадзян Беларусі з просьбай падтрымаць арганізацыю ў няпросты час.

«2 жніўня ўлады пачалі маштабную акцыю па ліквідацыі незалежнага прафсаюзнага руху ў Беларусі, — гаворыцца ў звароце. — Супраць лідэраў Беларускага прафсаюзу РЭП — старшыні Генадзя Фядыніча і кіраўніка Менскай гарадзкой арганізацыі Ігара Комліка — беспадстаўна распачатыя крымінальныя справы. Фармальная падстава — нібыта нясплата падаходнага падатку ў асабліва буйным памеры. Накладзены арышт на офіс прафсаюзу».

Раней Рада Беларускага прафсаюзу працаўнікоў радыёэлектроннай прамысловасьці (РЭП) заклікала спыніць крымінальны перасьлед свайго лідэра Генадзя Фядыніча, які цяпер пад падпіскай аб нявыезьдзе, і старшыні Менскай гарадзкой арганізацыі, галоўнага бухгальтара Ігара Комліка, які з 2 жніўня пад вартай.

«Людзі працы, студэнты, пэнсіянэры і беспрацоўныя, прыйшоў час праявіць салідарнасьць і стаць на абарону Беларускага прафсаюзу РЭП, які ніколі ня здраджваў ідэалам незалежнага прафсаюзнага руху і заўсёды стаяў і будзе стаяць на абароне правоў працоўных», — падкрэсьліваецца ў заяве.

На знак салідарнасьці зь Беларускім прафсаюзам РЭП кіраўніцтва заклікае неабыякавых грамадзян уступаць у шэрагі арганізацыі.

«Абаронім незалежны прафсаюз — абаронім сябе і сваю будучыню!», — адзначаецца ў заяве.

12 праваабарончых арганізацый выступілі з заявай, у якой запатрабавалі спыніць крымінальны перасьлед прафсаюзных лідэраў. Ігар Комлік прызнаны палітвязьнем.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG