Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Правацэнтрысты рыхтуюць «пазытыўную альтэрнатыву» дэкрэту № 3


Архіўнае фота. «Марш недармаедаў» у Бабруйску 12 сакавіка 2017 году

Правацэнтрысцкая кааліцыя, у якую ўваходзяць Аб’яднаная грамадзянская партыя, аргкамітэт дзеля стварэньня партыі «Беларуская хрысьціянская дэмакратыя» і рух «За свабоду», у сярэдзіне верасьня падрыхтуюць пазытыўную альтэрнатыву дэкрэту № 3.

Пра гэта сёньня заявілі на прэсавай канфэрэнцыі лідэры кааліцыі і дэпутат Палаты прадстаўнікоў Ганна Канапацкая.

Паводле старшыні Аб’яднанай грамадзянскай партыі, альтэрнатыва, якая рыхтуецца правымі сіламі, у параўнаньні з дэкрэтам № 3 ня проста два погляды — гэта розныя стратэгіі эканамічнага разьвіцьця краіны.

Анатоль Лябедзька
Анатоль Лябедзька

«У нас нават тэрміналёгія розная, — кажа Анатоль Лябедзька. — У Лукашэнкі галоўнае слова — прымусім. У нас галоўнае слова — зацікавім».

Ганна Канапацкая сказала, што альтэрнатыва прэзыдэнцкаму дэкрэту, якую рыхтуюць правацэнтрысты і эканамічная супольнасьць, будзе параўноўвацца з абноўленым дэкрэтам № 3, які рыхтуецца ў Адміністрацыі прэзыдэнта:

Ганна Канапацкая
Ганна Канапацкая

«Гэта дасьць магчымасьць звычайным людзям параўнаць, які дакумэнт, на іх думку, больш прывабны і які больш адпавядае іх інтарэсам».

Старшыня руху «За свабоду» Юрась Губарэвіч сказаў, што сама менш у 15 гарадах Беларусі на пачатку восені будуць створаныя групы падтрымкі пазытыўнай альтэрнатывы.

Віталь Рымашэўскі
Віталь Рымашэўскі

«Адметнасьцю дзеяньняў апазыцыі ўвосень стане тое, што яна будзе запрашаць да абмеркаваньня сытуацыі і ўладныя структуры, — сказаў Віталь Рымашэўскі. — Наступіў час, калі яшчэ існуе шлях да міру. І альтэрнатыва правацэнтрыстаў якраз упісваецца ў мірную стратэгію. Але калі дэкрэт № 3 усё ж будзе прыняты, то можна прагназаваць, што масавыя акцыі пратэсту зноў успыхнуць, як гэта было ўзімку».

Ганна Канапацкая заўважыла, што яна спрабавала ўзьняць пытаньне аб адмене дэкрэту № 3 праз профільную камісію Палаты прадстаўнікоў. Аднак высьветлілася, што рэглямэнт Палаты прадстаўнікоў напісаны так, што ў ім ня вызначаны канкрэтны тэрмін разгляду дэпутацкага запыту. Таму гэтае пытаньне падвісла. Але з пачаткам працы дэпутатаў на пленарных паседжаньнях Ганна Канапацкая будзе зноўку дамагацца ўключэньня пытаньня аб адмене дэкрэту ў парадак дня восеньскай сэсіі Палаты прадстаўнікоў.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG