Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Воршы памянялі скандальнага старшыню райвыканкаму


Леанід Пянькоўскі

Леанід Пянькоўскі адпрацаваў на пасадзе менш за тры месяцы.

Пра тое, што кіраўніком Аршанскага райвыканкаму прызначаны Аляксандар Пазьняк, паведамляе афіцыйны сайт Аляксандра Лукашэнкі.

Лёс ягонага папярэдніка Леаніда Пянькоўскага не ўдакладняецца. Літаральна праз пару дзён пасьля прызначэньня зь імем Пянькоўскага быў зьвязаны скандал.

На пасаду чыноўнік быў прызначаны 12 траўня і прыкладна праз тыдзень загадкава зьнік — перастаў хадзіць на працу, не адгукаўся на тэлефанаваньні. Потым зьявілася інфармацыя, што Пянькоўскага знайшлі ў доме ягонага сваяка, прычым сілавікі мусілі ўзяць дом штурмам.

Тады ж было абвешчана, што чыноўнік «знаходзіўся ў хваравітым стане». Што хавалася за гэтымі словамі, ніхто не патлумачыў, таму жыхары Аршаншчыны мусілі задавольвацца чуткамі. А галоўныя вэрсіі былі дзьве: або новапрызначаны старшыня злоўжывае алькаголем, або ён замешаны ў карупцыйных схемах і хаваецца ад адказнасьці.

Гэтыя чуткі дагэтуль не пацьверджаныя і не зьняпраўджаныя. Адносна новага працаўладкаваньня Леаніда Пянькоўскага афіцыйныя крыніцы не паведамляюць.

Травеньскае ўварваньне сілавікоў у дом сваякоў Леаніда Пянькоўскага было асуджана Аляксандрам Лукашэнкам. Найперш таму, што зь ім гэта не было ўзгоднена. Лукашэнка сказаў:

«Хто даў права да чалавека, узгодненага да прызначэньня прэзыдэнтам, урывацца ў дом? Бо для таго, каб праваахоўнікі вялі расьсьледаваньні адносна чалавека, які ўваходзіць у кадравы рэестар прэзыдэнта, трэба згода прэзыдэнта!»

Словы абурэньня Аляксандра Лукашэнкі працытавалі дзяржаўныя СМІ.

Што да Аляксандра Пазьняка, то дагэтуль ён займаў пасаду памочніка прэзыдэнта — інспэктара па Віцебскай вобласьці.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG