Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Золатавалютныя рэзэрвы Беларусі вырасьлі на 35%. Ці можна іх «праядаць»?


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Разьлічаныя паводле стандарту Міжнароднага валютнага фонду золатавалютныя рэзэрвы Беларусі на 1 жніўня склалі 6 мільярдаў 664 мільёны даляраў.

Такім чынам, сёлета запасы павялічыліся на 1 мільярд 737 мільёнаў даляраў, або на 35,3%. Пра гэта паведаміў Нацыянальны банк Беларусі.

«Павелічэньню міжнародных рэзэрвовых актываў спрыялі паступленьні сродкаў ад продажу Нацыянальным банкам аблігацыяў, намінаваных у замежнай валюце, купля замежнай валюты на таргах Беларускай валютна-фондавай біржы, павелічэньне аб’ёму сродкаў у замежнай валюце на карэспандэнцкіх рахунках банкаў у Нацыянальным банку, а таксама падвышэньне кошту манэтарнага золата», — гаворыцца ў паведамленьні.

Золатавалютныя рэзэрвы Беларусі за 2016 год вырасьлі на 18% і на 1 студзеня 2017 году складалі 4 мільярды 927 мільёнаў даляраў.

Эканаміст Леанід Злотнікаў у камэнтары для Свабоды адзначыў, што «расслабляцца ня варта»: сёлета ўрад Беларусі мусіць забясьпечыць выплаты па запазычанасьцях на 3,5 мільярда даляраў, а напачатку 2018-га перавесьці 800 мільёнаў даляраў па эўрабондах 7-гадовай даўніны:

Леанід Злотнікаў
Леанід Злотнікаў

«Калі гэтыя грошы цяпер праесьці, ня будзе чым выплочваць запазычанасьцяў, — тлумачыць Леанід Злотнікаў. — Грошы з ЗВР трымаюць для непрадбачаных абставінаў, калі адбываюцца нейкія зрывы. Скажам, нешта здарыцца з замежным гандлем і ня будзе паступленьня валюты, трэба будзе дзіру заткнуць тэрмінова. Але не для пабежных, рэгулярных выплатаў.

Золатавалютныя рэзэрвы павінны быць ня меншымі за мінімальны аб’ём, ёсьць адпаведныя патрабаваньні. Адно зь іх — ЗВР мусіць быць дастаткова, каб аплаціць тры месяцы імпарту, а ў нас іх хапала толькі на два. Таму Беларусь яшчэ не дасягала мінімуму гэтага запасу».

Як сказана ў прэсавым рэлізе, урад і Нацыянальны банк у ліпені выканалі замежных і ўнутраных абавязаньняў у замежнай валюце на суму 553 мільёны даляраў.

Як асноўны кірунак грашова-крэдытнай палітыкі на 2017 год прадугледжаны рост золатавалютных рэзэрваў ня меней чым на 500 мільёнаў даляраў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG