Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міністар за $500, намесьнік міністра за $400: ва Ўкраіне прадаюць сустрэчы з чыноўнікамі


Стваральнікі сэрвісу дзяржаўных закупак ProZorro прадаюць на аўкцыёне сустрэчы з украінскімі чыноўнікамі.

У асартымэнце — сьняданак з намесьніцай міністра Анастасіяй Дзеевай, кіраўніком Міністэрства юстыцыі Паўлам Пятрэнкам або рэфарматарам Максімам Нефядоравым. Колькі каштуюць зносіны з чыноўнікам, і ці шмат хто за гэта плаціць?

Аляксей Собалеў, кіраўнік сэрвісу дзяржаўных закупак ProZorro, тлумачыць, як працуе незвычайны аўкцыён. У якасьці лотаў на ім выстаўлены сустрэчы з чыноўнікамі, у тым ліку з самага верхняга эшалёну дзяржаўнай улады. Пры гэтым яны самі грошай не атрымліваюць: усе сабраныя сродкі ідуць на дабрачыннасьць.

«Вось пачатковыя стаўкі, — паказвае Собалеў. — Яны зачыненыя, і да таргоў ніхто не ведае, хто колькі паставіў, і колькі наогул людзей зарэгістравалася. У прызначаны час стаўкі рассакрэчваюць, і становіцца вядомай колькасьць людзей. Далей ідуць таргі ў тры раўнды. Хто на працягу гадзіны даў больш — той і забірае лот».

Анастасія Дзеева
Анастасія Дзеева

Удзел у аўкцыёне можа ўзяць кожны, у каго ёсьць грошы. Самым скандальным продажам пакуль што стаў сьняданак з 25-гадовай намесьніцай кіраўніка МУС Украіны Анастасіяй Дзеевай. Сустрэча зь ёй сышла «з малатка» за 430 тысяч даляраў. Але хутка зьявілася інфармацыя, што пераможца аўкцыёну плаціць такую суму адмаўляецца. Таму «лот» дастаўся наступнаму ўдзельніку за 400 даляраў.

Вячэру зь міністрам юстыцыі Ўкраіны Паўлам Пятрэнкам арганізатары аўкцыёну прадалі за амаль 500 долараў. А вось за прабежку са славацкім і ўкраінскім рэфарматарам Іванам Міклашам знайшліся ахвотныя заплаціць яшчэ больш — 800 даляраў.

Аляксей Байчук — дырэктар аднаго з украінскіх прадпрыемстваў. Нядаўна ён аддаў за паход у тэатар з маладой намесьніцай міністра энэргетыкі і вугальнай прамысловасьці Натальляй Бойка каля 400 даляраў і спэцыяльна прыехаў дзеля гэтага з Харкава ў Кіеў. Байчук кажа, што ён праводзіў сустрэчу ў інтарэсах ўласнага бізнэсу.

Натальля Бойка
Натальля Бойка

Аляксей Собалеў нічога сумнеўнага ў такіх зьдзелках ня бачыць:

«Прадаць свой час — гэта, па-першае, весела, — кажа ён. — І па-другое, мы дапамагаем дзецям. Ёсьць шмат цікавых людзей, зь якімі проста так складана было б сустрэцца. А так мы яшчэ і добры ўчынак робім».

«Я ставілася досыць скептычна да гэтага, таму што пачаўся ажыятаж і быў нэгатыў датычна майго ўдзелу ў таргах, — прызналася нашаму радыё Натальля Бойка, намесьнік міністра энэргетыкі і вугальнай прамысловасьці Украіны. — Але мае намеры абсалютна пазытыўныя, мне здаецца, што гэта клясная ідэя. Я даўно не была ў тэатры. Сёньня я ледзьве дастала квіткі, і мы ідзем на „Тры таварышы” Рэмарка».

XS
SM
MD
LG