Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Амэрыканскі канал HBO здыме дакумэнтальны фільм пра Чарнобыль


Ілюстрацыйнае фота

Кабэльная і спадарожнікавая тэлевізійная сетка HBO супольна са Sky Television анансавала 5-сэрыйны дакумэнтальны міні-сэрыял, прысьвечаны катастрофе на Чарнобыльскай АЭС. Пакуль праект фігуруе пад простай назвай «Чарнобыль».

Як перадае Variety, «Чарнобыль» будзе прысьвечаны «навукоўцам і ўсім астатнім, хто ахвяраваў сабой, каб уратаваць сьвет ад яшчэ большай катастрофы». Фільмаваць пачнуць увесну 2018 году ў Літве.

Брытанскі актор Джарэд Гарыс, вядомы з сэрыялаў «Вар’яты» (Mad Men) і «Грань» (Fringe), выканае ролю маскоўскага навукоўца Валерыя Лягасава, які дасьледаваў наступствы аварыі, прапаноўваў шляхі яе ліквідацыі і настаяў на эвакуацыі мястэчка Прыпяць, а праз два гады па аварыі і за дзень да абвяшчэньня вынікаў расьсьледаваньня аб прычынах аварыі быў знойдзены павешаным.

Сцэнар піша Крэйг Мэйзын, апошняя значная праца якога — «Беласьнежка і паляўнічы — 2» (The Huntsman: Winter’s War). Рэжысэрам прызначаны швэд Ёган Рэнк («Стака Бо»), вядомы з эпізодаў сэрыялаў «Разысьціся ва ўсю» (Breaking Bad) і «Хадзячыя мярцы» (The Walking Dead), але больш — з музычных кліпаў, у тым ліку з 10-хвіліннага «Blackstar» Дэйвіда Боўі.

«З таго моманту, як Крэйг Мэйзын аказаў нам гісторыю, мы былі перакананыя, што гэтую ажно занадта рэальную гісторыю жаху і выкупленьня неабходна распавесьці, — заявіў Кэры Антоліс, прэзыдэнт аддзелу міні-сэрыялаў HBO. — Яна будзе зацягваць — і абураць — нашых гледачоў і аўдыторыю па ўсім сьвеце.

HBO вядомы сэрыяй дакумэнтальных фільмаў «Таямнічая Амэрыка» (America Undercover), якая здымаецца ад 1983 году і адзін з эпізодаў якой намінаваўся на «Оскара», і дакумэнтальнымі стужкамі пра самыя розныя падзеі — ад жорсткага абыходжаньня са сланамі ў цырках да ратаваньня габрэйскіх дзяцей ад сьмерці ў нацысцкай Нямеччыне. Яшчэ больш вядомыя мастацкія сэрыялы каналу, напрыклад, «Гульня тронаў» (Game of Thrones), «Сьвет Дзікага Захаду» (Westworld) або «Клан Сапрана» (The Sopranos).

XS
SM
MD
LG