Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кандыдатам на прэзыдэнта Літвы можа стаць палітык, які шмат робіць для дэмакратызацыі Беларусі


Лібэралы Літвы першымі сярод палітычных партыяў краіны абвясьцілі імёны прэтэндэнтаў на пасаду прэзыдэнта на выбарах 2019г.

Праўленьне «Руху лібэралаў» абмеркавала стратэгію партыі на прэзыдэнцкія выбары і публічна паведаміла, што кандыдатам можа стаць лідэр партыі Рэмігіюс Шымашус. Аднак цяперашні мэр Вільні заявіў, што кандыдатамі могуць быць двое — ён і эўрапарлямэнтар Пятрас Аўштравічус. Спадар Аўштравічус сказаў, што ён пакуль думае над такой магчымасьцю:

«Я неабыякавы да Літвы, таму да такіх рашэньняў стаўлюся сур’ёзна. Я думаю над гэтым».

Petras Auštrevičius, Пятрас Аўштравічус
Petras Auštrevičius, Пятрас Аўштравічус

Лідэр Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька, які добра ведае палітыкаў суседняй краіны, сказаў Свабодзе наступнае:

«Калі казаць пра партыйныя структуры, дык мы супрацоўнічаем з партыяй кансэрватараў Літвы, якую цяпер ачольвае ўнук Вітаўтаса Ландсбергіса Габрыелюс і дзе знаходзяцца Ажубаліс, Зінгерыс і іншыя нашыя даўнія партнэры. Калі ж казаць пра кропкавыя кантакты, то мы маем іх і зь лібэраламі. Найперш з Пятрасам Аўштравічусам.

Па-першае, ён проста выдатны чалавек. Ён вельмі пазытыўны, вельмі камунікабэльны.

Па-другое, Аўштравічус глыбока каштоўнасны чалавек. Для яго дэмакратычныя каштоўнасьці — не гульня і ня спосаб зрабіць кар’еру. Для яго правы чалавека, свабоды — найвышэйшыя каштоўнасьці, а не каньюнктура.

Па-трэцяе, у палітыцы ён дасьведчаны чалавек. Ён вядомы як у самой Літве, так і ў міжнародных структурах. Як дэпутат Эўрапейскага парлямэнту ён стаў вельмі моцным сьпікерам па Беларусі. Разам з польскім дэпутатам Богданам Здраеўскім, які ачольвае групу па Беларусі ў Эўрапарлямэнце, яны найбольш дасьведчаныя экспэрты ў пытаньнях нашай краіны. Аўштравічус з уласнага жаданьня ўвайшоў у групу Здраеўскага, і гэта паказвае ягоную сапраўдную зацікаўленасьць у дэмакратычных зьменах у Беларусі. Ён быў, дарэчы, адным з ініцыятараў апошняй рэзалюцыі аб Беларусі. Аўштравічус прыяжджаў да нас і выступаў на круглым стале аб праблемах Беларускай АЭС.

Зразумела, я як іншаземец ня маю права агітаваць за таго ці іншага прэтэндэнта на пасаду прэзыдэнта суседняй дзяржавы. Але, на маю думку, спадар Аўштравічус стаў бы моцным кіраўніком Літвы».

Прэзыдэнт Літвы абіраецца ўсенародным галасаваньнем на пяць гадоў. Цяпер дзяржаву ачольвае Даля Грыбаўскайце, абраная на пасаду ў 2014 годзе. Гэта ўжо другі запар яе прэзыдэнцкі тэрмін. А вось права на трэці запар тэрмін спадарыня Грыбаўскайце, згодна зь дзейнай Канстытуцыяй краіны, ня мае.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG