Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Нямеччына выключае перамовы з Польшчай аб кампэнсацыі за зруйнаваную Варшаву


Маладыя ўдзельнікі Варшаўскага паўстаньня, фота 1944 году
Маладыя ўдзельнікі Варшаўскага паўстаньня, фота 1944 году

Нямеччына выключае перамовы з Польшчай аб кампэнсацыі за шкоду нанесеную Другой сусьветнай вайной. Пра адмоўную рэакцыю Бэрліну паведамляе газэта Rzeczpospolita пад здымкам руін Варшавы, зьнішчанай нацыстамі падчас падаўленьня паўстаньня, 73-ю гадавіну якога сёньня адзначаюць у Польшчы.

Пытаньне пра такую кампэнсацыю ўзьняў кіраўнік польскай партыі Права і Справядлівасьць Яраслаў Качыньскі на мінулым тыдні ў інтэрвію радыёстанцыі Радыё Марыя.

Качыньскі заявіў, што польскі ўрад рыхтуецца ў пытаньні кампэнсацыяў да «гістарычнага контарнаступу» — ён удакладніў, што гаворка ідзе пра «гіганцкія сумы» і што «Нямеччына многія гады ўхіляецца ад адказнасьці за другую сусьветную вайну». Ён паабяцаў, што ўвосень парлямэнт абмяркуе праект закону, які дазволіў бы выбудаваць «эфэктыўную і ляяльную дзяржаву дыпляматыю», якая будзе займацца і пытаньнямі кампэнсацыі.

Улады Нямеччыны, аднак, не зьбіраюцца пускацца ў перамовы з Польшчай. «З пункту погляду фінансавага, маральнага і палітычнага пытаньне закрытае», — цытуе Rzeczpospolita крыніцы зь нямецкага ўраду. Паводле Нямеччыны, Польшча ўжо некалькі разоў адмаўлялася ад прэтэнзіяў на кампэнсацыю: спачатку ў 1953 годзе, потым у 1970 — пры заключэньні дамовы аб прызнаньні Нямеччынай польскай заходняй мяжы на Одры і Нісе, а таксама пры пацьвярджэньні польскай мяжы ў часе аб’яднаньня Нямеччыны на пераломе 1989 і 1990 гадоў.

У Нямеччыне лічаць, што заява Качыньскага мае на мэце адцягнуць увагу выбарцаў у момант, калі ўрадавай кааліцыі ў Польшчы пагражае раскол.


***


1 жніўня 1944 году ў Польшчы пачалося Варшаўскае паўстаньне. Меркавалася, што баі будуць працягвацца некалькі дзён да прыходу Чырвонай Арміі. Дзеля перамоваў са Сталіным у Маскву прыбыў прэм’ер польскага ўраду ў выгнаньні Станіслаў Мікалайчык. Але Сталін ўзамен на савецкую дапамогу варшаўскім паўстанцам прапанаваў Станіславу Мікалайчыку зьліць яго ўрад з савецкім марыянэтачным урадам — Польскім камітэтам нацыянальнага вызваленьня — створаным у занятым Чырвонай Арміяй Любліне 20 ліпеня 1944. Пасьля таго, як Мікалайчык адмовіўся падпарадкавацца ПКНВ, Сталін аддаў загад аб спыненьні наступальных дзеяньняў у раёне Варшавы. 2 кастрычніка паўстанцы капітулявалі. 17 студзеня 1945, амаль праз паўгода пасьля пачатку Варшаўскага паўстаньня, Чырвоная Армія ўвайшла ў пусты і зьнішчаны горад на левым беразе Віслы.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG