Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Белы дом абвясьціў аб адстаўцы дырэктара па сувязях з грамадзкасьцю. Той прабыў на пасадзе 10 дзён.


Энтані Скарамучы

Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп вырашыў звольніць із пасады дырэктара адміністрацыі па сувязях з грамадзкасьцю.

Пра гэта гаворыцца ў афіцыйнай заяве адміністрацыі ЗША.

«Энтані Скарамучы пакіне сваю пасаду дырэктара па сувязях з грамадзкасьцю Белага дому. Скарамучы палічыў, што лепш за ўсё даць магчымасьць новаму начальніку апарату Джону Келі пачаць усё з чыстага аркуша і даць яму магчымасьць пабудаваць сваю ўласную каманду», — гаворыцца ў заяве Белага дому.

Раней газэта New York Times паведаміла пра будучую адстаўку Скарамучы, спаслаўшыся на трох асобаў, якім стала вядома пра рашэньне. Паведамленьне пра адстаўку Скарамучы зьявілася ўсяго празь некалькі гадзін пасьля таго, як Трамп прывёў да прысягі новага начальніка апарату Белага дому Джона Келі.

Выданьне Politico паведамляе, што звальненьне Скарамучы адбылося па просьбе Келі. Скарамучы прабыў на пасадзе дырэктара ўсяго толькі 10 дзён.

Раней на мінулым тыдні Скарамучы, ледзь уступіўшы ў пасаду, абрынуўся з рэзкай крытыкай на высокапастаўленых чыноўнікаў адміністрацыі Трампа, у тым ліку на былога кіраўніка апарату Белага дома Рэйнса Прыбуса, які затым пайшоў у адстаўку і быў заменены на Келі.

XS
SM
MD
LG