Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Праўнукі Ігната Дамейкі прыехалі ў Беларусь. Фатафакт


Уладзімер Макей і Пас Дамейка

Сёньня, у 215-ю гадавіну з дня народзінаў Ігната Дамейкі ў Міністэрстве замежных спраў прэзэнтавалі беларускі пераклад кнігі пра Дамейку, які падрыхтавала ягоная праўнучка Пас Дамейка. На ўрачыстасьць у Беларусь прыехалі тры праўнукі і адзін прапраўнук Ігната Дамейкі з Чылі, ЗША і Аўстраліі.

«Гэта цудоўна, я пра такое, думаю, ня марыла ніколі ў маім жыцьці, — сказала Пас Дамейка. — Я ніколі ня марыла, што буду тут, на радзіме маіх продкаў. Вельмі вельмі дзякую, Беларусь. Гэта неверагоднае шчасьце і гонар для майго прадзядулі. Я ведаю, што ён тут, прысутнічае сярод нас. Вельмі шчасьлівы і вельмі ўсхваляваны. І рады, што кніга пра яго жыцьцё перакладзеная на мову зямлі, адкуль ён паходзіць».

Нашчадкі Дамейкі ў Менску
Нашчадкі Дамейкі ў Менску

Кнігу «Ігнат Дамейка: зь Мядзьведкі — у Сант'яга-дэ-Чылі» прэзэнтавалі ў Міністэрстве замежных спраў. Міністар замежных спраў ​Уладзімер Макей падарыў першы асобнік кнігі Пас Дамейцы.

«Дзякуючы такім людзям, як Дамейка, быў закладзены падмурак нашай нацыянальнай ідэнтычнасьці, стала магчымым мадуляваньне беларускай нацыі ў канцы ХІХ — пачатку ХХ стагодзьдзя», — сказаў Уладзімер Макей.

Беларускі варыянт пабачыў сьвет з ініцыятывы Міністэрства замежных спраў і пры падтрымцы Міністэрства інфармацыі. Як патлумачыў Свабодзе прэсавы сакратар МЗС Дзьмітры Мірончык, у міністэрстве паўгоду таму задумалі выдаць беларускае выданьне мэмуараў і запрасіць нашчадкаў Дамейкі ў Беларусь. Тады стала вядома, што над беларускім варыянтам ужо восем гадоў працуе Валянціна Лебедзева.

«Калі ў нас зьявілася інфармацыя, што ёсьць манускрыпт, над якім ідзе не адзін год праца, мы далучыліся, дапамаглі з арганізацыйнымі пытаньнямі, зьвярнуліся ў Міністэрства інфармацыі па падтрымку, — сказаў Мірончык. — Тады, нарадзілася ідэя навуковай канфэрэнцыі, зьявілася ідэя запрасіць сюды нашчадкаў Дамейкі».

Пас Дамейка са сваёй кнігай, выдадзенай па-беларуску
Пас Дамейка са сваёй кнігай, выдадзенай па-беларуску

У студзені 2017 года Свабода апублікавала інтэрвію з Пас Дамейкай. Акурат тады яна распавяла, што ў Беларусі перакладаюць яе кнігу, якая ў арыгінале называецца «Ігнат Дамейка: жыцьцё ў эміграцыі». Яна выйшла па-гішпанску ў 2002 годзе.

Таксама Пас Дамейка казала, што да яе ніколі не зьвярталіся беларускія дыпляматы.

Міністар інфармацыі Лілія Ананіч прысутнічала на прэзэнтацыі
Міністар інфармацыі Лілія Ананіч прысутнічала на прэзэнтацыі

«Да мяне неаднаразова зьвярталіся літоўскія і польскія дыпляматы, — казала тады Пас Дамейка. — Але ніхто і ніколі зь беларускіх дыпляматаў са мной не кантактаваўся. На жаль, ніякіх афіцыйных стасункаў не было».

Нашчадкі Дамейкі правядуць у Беларусі некалькі дзён. Яны наведаюць мясьціны, зьвязаныя са сваім продкам.

«Гэта наш першы раз у Беларусі, — сказаў Мігель Луіс Заўшкевіч, прапраўнук Дамейкі, горны інжынэр, які вырас і жыве ў Чылі. — Я думаю, што мы вернемся».

Да прэзэнтацыі кнігі Пас Дамейкі ў МЗС падрыхтавалі выставу, прысьвечаную Ігнату Дамейку
Да прэзэнтацыі кнігі Пас Дамейкі ў МЗС падрыхтавалі выставу, прысьвечаную Ігнату Дамейку

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG