Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Варанецкі: Некаторым хацелася б, каб Беларусь стала на бок Украіны, некаторым — на бок Расеі. Але мы ня можам выбіраць


Валер Варанецкі

Чаго вымагаюць ад Беларусі яе саюзьніцкія абавязкі перад Расеяй? Ці далучыцца Беларусь да контрасанкцыяў Расеі адносна ЗША? Чым гарантуюцца заявы Менску аб тым, што расейскія войскі пасьля «Захаду-2017» вернуцца дадому?

На гэтыя і іншыя пытаньні мы папрасілі адказаць старшыню сталай камісіі па міжнародных справах Палаты прадстаўнікоў, былога намесьніка міністра замежных справаў Валера Варанецкага. Зь ім размаўляў Юры Дракахруст.

РС: Падчас нядаўняй сэсіі ПА АБСЭ вы сказалі — «У нас няма права сёньня, як у краіны, якая зьяўляецца пляцоўкай перамоваў, станавіцца на чыйсьці бок». Расея заяўляе, што не зьяўляецца бокам канфлікту на Данбасе, пры гэтым яна кажа, што пытаньне Крыму не падлягае абмеркаваньню. Аднак Беларусь зьяўляецца ваенным і палітычным саюзьнікам Расеі. Як яна ў гэтай сытуацыі можа не станавіцца на той ці іншы бок?

Беларусь ня можа станавіцца ні на адзін бок, яна павінная трымацца нэўтральнай пазыцыі

Варанецкі: Для мяне гэта цалкам зразумелая пазыцыя. Мы далі пляцоўку для перамоваў. Калі мы яе давалі, яна задавальняла ўсе бакі. Яны ўсе сыходзілі з таго, што роля Беларусі будзе ў гэтым сэнсе нэўтральная, Беларусь праявіць сваю гасьціннасьць, створыць неабходныя ўмовы для перамоваў. Мы ж ня можа па ходу справы мяняць умовы, у якіх ідуць перамовы. І таму Беларусь сапраўды ня можа станавіцца ні на адзін бок, яна павінная трымацца нэўтральнай пазыцыі.

РС: А вы думаеце, што Расея менавіта так бачыць сытуацыю, як вы яе апісалі? У тых публікацыях, якія зьяўляліся ў расейскім друку, у тым ліку і пасьля сэсііі ПА АБСЭ, гучала слова «здрада», прынамсі, і наконт вашай пазыцыі.

Для нас і Ўкраіна, і Расея — сяброўскія краіны, нас зь імі зьвязвае гісторыя і культура

Варанецкі: Я ўпэўнены, што на ўзроўні расейскай улады ёсьць поўнае разуменьне пазыцыі Беларусі па гэтым пытаньні. А што тычыцца эмоцыяў і розных поглядаў — гэта нармальная зьява. І ў Беларусі розныя людзі па-рознаму глядзяць на пазыцыю краіны па гэтым пытаньні. Некаторым хацелася б, каб Беларусь стала на бок Украіны, некаторым — на бок Расеі. Але мы ня можам выбіраць, для нас і Ўкраіна, і Расея — сяброўскія краіны, нас зь імі зьвязвае гісторыя і культура, мы хочам супрацоўнічаць, разьвіваць міжчалавечыя адносіны. Гэтая пазыцыя зразумелая і Ўкраіне, і Расеі.

РС: Санкцыі адносна Расеі, прынятыя кангрэсам ЗША, ужо выклікалі дыпляматычныя санкцыі з боку Расеі. Ці падтрымае Беларусь у гэтым канфлікце Расею? Да якіх контрсанкцый Беларусь можа далучыцца? Ці яна і ў гэтай сытуацыі ня будзе станавіцца ні на чый бок?

Варанецкі: Вы ведаеце палітыку Беларусі наконт санкцыяў і санкцыйнай палітыкі. Беларусь амаль 20 гадоў жыла пад рознымі санкцыямі з боку Эўразьвязу і ЗША. Беларусь заўсёды была супраць санкцыйнай палітыкі, бо перш за ўсё яна супярэчыць міжнароднаму праву.

РС: Але пасьля 2007 году, калі ЗША прынялі адпаведныя санкцыі адносна Беларусі, менавіта Беларусь у 2008 годзе запатрабавала ад Вашынгтону скараціць пэрсанал амэрыканскага пасольства ў Менску.

Ці трэба сёньня Расеі, каб мы далучаліся да нейкіх контрсанкцыяў?

Варанецкі: Дык мы адказвалі на несяброўскую, мякка кажучы, палітыку Злучаных Штатаў. Але калі казаць пра цяперашнюю сытуацыю, то ці трэба сёньня Расеі, каб мы далучаліся да нейкіх контрсанкцыяў? Ці патрэбна гэта іншаму боку, каб мы далучаліся да яго санкцый? Я лічу, што ні аднаму, ні іншаму боку гэта непатрэбна. Сёньня Беларусь зьяўляецца важнай краінай, зьвяном у ланцугу, які дапаможа адыходу ад санкцыйнай палітыкі ў дачыненьні да той жа Расеі. Нашая міжнародная роля, вага ўзрастаюць апошнім часам.

РС: Вы, калі адказвалі на першае пытаньне, сказалі, што Беларусь ці то фактычна, ці то ў пэўным сэнсе зьяўляецца нэўтральнай краінай. А гэта не дыпляматычная мэтафара? Усе ж нэўтралітэт — гэта пэўны стан. Беларусь зьяўляецца палітычным і ваенным саюзьнікам Расеі. І пры гэтым нэўтральнай краінай?

Нэўтралітэт — гэта роўнаадаленасьць, а Беларусь праводзіць шматвэктарную палітыку

Варанецкі: Магчыма, вы мяне зь некім блытаеце. Я ніколі не кажу, што Беларусь зьяўляецца нэўтральнай краінай у тым сэнсе, які вы ўклалі ў сваё пытаньне. На самой справе нэўтралітэт — гэта роўнаадаленасьць. А Беларусь праводзіць шматвэктарную палітыку, мы заўсёды заяўляем, што мы хочам супрацоўнічаць з усімі, перш за ўсё са сваімі суседзямі. Наш падыход — не раўнаадаленасьць, а роўнанабліжанасьць.

Мы выступаем за шчыльнае супрацоўніцтва і з Расеяй, і з ЭЗ, і з краінамі Балтыі, і з Украінай. Зразумела, гэта не нэўтралітэт, а шматвэктарнасьць.

Іншая справа, што не заўсёды мы ў сваёй зьнешняй палітыцы кіраваліся гэтым прынцыпам шматвэктарнасьці. І сёньня ня ўсё так добра ў гэтым сэнсе. Але мы хочам жыць у сяброўскіх адносінах з нашымі суседзямі. Я казаў пра нэўтралітэт у кантэксьце стварэньня пляцоўкі для перамоваў.

РС: Падчас нядаўняга візыту прэзыдэнта Лукашэнкі ва Ўкраіне некаторыя ўкраінскія экспэрты задавалі пытаньне — а якія гарантыі абяцаньняў, якія дае беларускі лідэр: і што праз Беларусь войскі ня пойдуць ва Ўкраіну, і што расейскія войскі пасьля вучэньняў «Захад-17» вернуцца ў Расею? А і праўда — якія гарантыі?

Дзейны палітык ня можа сказаць адно, а зрабіць інакш

Варанецкі: Слова кіраўніка тут дастаткова. Ён жа палітык, дзейны палітык ня можа сказаць адно, а зрабіць інакш. Гарантыя — гэта Рэспубліка Беларусь, наш аўтарытэт на міжнароднай арэне, наш сувэрэнітэт, нашая незалежнасьць, пазыцыя нашага народу. Такімі рэчамі проста так не кідаюцца. Калі гэта сказана, гэта і ёсьць гарантыя.

РС: Нядаўна міністар замежных справаў Уладзімер Макей заявіў пра магчымасьць перамоваў па Ўкраіне ў новым фармаце, які б трансфармаваў менскі фармат. Месяц таму прэзыдэнт Лукашэнка выказаўся на гэты конт скептычна «пачынаць спачатку заўсёды складаней, чым працягваць добрую справу». А чаму так зьмянілася пазыцыя?

Варанецкі: Гэта хутчэй пытаньне да міністра замежных справаў. З майго пункту гледжаньня любая зьява нараджаецца, разьвіваецца па сваіх законах і некалі памірае. Любы перамоўны працэс можа мяняцца па форме і па зьмесьце, могуць зьяўляцца новыя ўдзельнікі, некаторыя могуць сыходзіць. Для мяне зразумела, што ўсё можа быць.

Аднак сёньня ніхто ня ставіць пад сумнеў Менск як перамоўную пляцоўку. Трэба паступова рабіць тую справу, дзеля якой Менск і прапанаваў свае паслугі.

РС: А можа вы ведаеце, ці ідуць кансультацыі пра новы фармат перамоваў па Ўкраіне?

Варанецкі: Я ведаю, што заўсёды зьяўляюцца прапановы, каб некага ўключыць, а некага выключыць. Але гэта ня тычыцца сутнасьці. Я думаю, што трэба быць рэалістамі і сыходзіць з таго, што ёсьць фармат і ён працуе.

РС: Беларусь прапануе правесьці ў Менску глябальную канфэрэнцыю па бясьпецы, нешта кшталту новых Хэльсынскіх пагадненьняў. Якія шанцы на гэта? У 1975 годзе Фінляндыя мела пазаблёкавы статус. Цяпер Беларусь дэ-юрэ палітычны і ваенны саюзьнік Расеі — гэта ўвасабляецца і ў шматлікіх вучэньнях, і ў абʼяднанай вайсковай групоўцы, і ў супольнай сыстэме СПА. Ці можа саюзьнік аднаго з бакоў быць пасярэднікам ці нават пастаўцом добрых паслугаў?

Варанецкі: Калі краіна карыстаецца поўным даверам, калі яна гатовая выконваць такую ролю і гэта ўспрымаецца іншымі бакамі, то чаму не? Апошнія падзеі як сьведчаць пра тое, што Беларусь магла б быць такой пляцоўкай. Можна прыгадаць, дзе была створаная група па Нагорным Карабаху. Таксама ў Менску. У Менску ж працягваюцца перамовы па ўкраінскім пытаньні. Мы з вамі былі сьведкамі пасьпяховай сэсіі ПА АБСЭ ў Менску. Усе краіны пагадзіліся, што месцам правядзеньня сэсіі будзе сталіца Беларусі.

І трэба мець на ўвазе, што Беларусь праводзіць незалежную зьнешнюю палітыку, зразумела, з улікам геапалітычных фактараў і з улікам нацыянальных інтарэсаў. Таму я лічу, што гэта цалкам рэальная рэч, мы маглі б арганізаваць такі працэс у Менску.

  • 16x9 Image

    Юры Дракахруст

    Журналіст. Нарадзіўся ў 1960 г. Зь 2000 г. — супрацоўнік Беларускай рэдакцыі Радыё Свабода ў Празе. Ляўрэат прэміі Беларускай асацыяцыі журналістаў (1996).
     

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG