Лінкі ўнівэрсальнага доступу

За год колькасьць індывідуальных прадпрымальнікаў у Беларусі скарацілася на 6 тысяч


Архіўнае фота. На рынку ў Баранавічах.
Архіўнае фота. На рынку ў Баранавічах.

На 1 ліпеня 2017 году ў Беларусі дзейнічала 140,2 тысячы юрыдычных асоб і 245,3 тысячы індывідуальных прадпрымальнікаў, паведаміў Нацыянальны статыстычны камітэт.

Колькасьць юрыдычных асоб у параўнаньні з 1 ліпеня 2016 году зьнізілася на 1,4%, індывідуальных прадпрымальнікаў (ІП) — скарацілася на 6 тысяч, або на 2,4%. З пачатку году колькасьць юрыдычных асоб зьнізілася на 1,7%, ІП — зьменшылася на 0,9%.

Старшыня рэспубліканскага грамадзкага аб’яднаньня «Пэрспэктыва» Анатоль Шумчанка раней адзначаў, што скарачэньне колькасьці прадпрымальнікаў зьвязана з «адсутнасьцю належных умоў для прадпрымальніцкай дзейнасьці — для таго каб людзі адкрывалі свой бізнэс і працавалі без залішніх адміністрацыйных і падатковых перашкод».

«Няма стымулюючых фактараў для разьвіцьця, няма магчымасьці бясьпечна ажыцьцяўляць сваю дзейнасьць», — лічыць Шумчанка.

На яго думку, прадпрымальнікі не давяраюць дзяржаве і, каб засьцерагчы раней укладзеныя ў справу сродкі, спыняюць дзейнасьць. На зьніжэньне колькасьці індывідуальных прадпрымальнікаў паўплывала і прыняцьце ўказу прэзыдэнта № 222, які ўскладніў працу.

Падобнае да гэтага меркаваньне выказваў і дырэктар аналітычнага цэнтру Рэспубліканскай канфэдэрацыі прадпрымальніцтва Анатоль Зьмітровіч. Ён зьвязаў скарачэньне колькасьці індывідуальных прадпрымальнікаў з нестабільнай заканадаўчай базай, якая рэгулюе іх дзейнасьць. «Умовы працы пастаянна зьмяняюцца. Як толькі нейкая катэгорыя прадпрымальнікаў пачынае „жыць добра“ з пункту гледжаньня ўладаў, тут жа для іх робяць невыносныя ўмовы», — лічыць дырэктар цэнтру.

Пра гэта інфармуе агенцтва БелаПАН.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG