Кіраўнік Малдовы 28 сакавіка падпісаў ўказ аб правядзеньні кансультатыўнага рэфэрэндуму па 4 пытаньнях:
1. Ці падтрымліваеце вы адмену закону, які перакладае вяртаньне скрадзенага мільярды на плечы грамадзян?
2. Ці падтрымліваеце вы надзяленьне прэзыдэнта дадатковымі канстытуцыйнымі паўнамоцтвамі для роспуску парлямэнту і аб’яўленьня датэрміновых парлямэнцкіх выбараў?
3. Ці падтрымліваеце вы скарачэньне ліку дэпутатаў з 101 да 71?
4. Ці падтрымліваеце вы вывучэньне ў школах гісторыі Малдовы замест гісторыі румынаў?
Праверыць законнасьць указу прэзыдэнта аб арганізацыі кансультатыўнага рэфэрэндуму запатрабавала Лібэральная партыя Малдовы. Рашэньне Канстытуцыйнага суду зьяўляецца канчатковым і ўступае ў сілу з моманту яго прыняцьця.
Вынікі шматлікіх апытаньняў грамадзкай думкі паказалі, што большасьць грамадзянаў падзяляюць пазыцыю прэзыдэнта і гатовыя даць станоўчы адказ на кожнае з прапанаваных ім на рэфэрэндум пытаньняў.