Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Судзяць менчука, якога міліцыянт параніў у навагоднюю ноч


Суд Маскоўскага раёну

27 ліпеня ў Менску пачынаецца працэс над жыхаром сталіцы, які стаў героем пасьлянавагодніх стужак навінаў і гарачых дыскусіяў у інтэрнэце пра ўжываньне міліцыянтамі зброі супроць грамадзянаў.

28-гадоваму працаўніку менскага заводу «Керамін», які пасьля сутычкі зь міліцыянтам патрапіў у шпіталь з агнястрэльнымі раненьнямі, пагражае да 5 гадоў зьняволеньня за супраціў з ужываньнем гвалту.

Інцыдэнт адбыўся раніцай 1 студзеня на пляцоўцы каля кватэры, дзе кампанія менчукоў сустракала Новы год. Паводле вэрсіі менскай гарадзкой міліцыі, абвінавачаны напаў на супрацоўніка, які прыйшоў у кватэру, дзе, як паведамілі суседзі, паводзілі сябе занадта шумна. Нібыта ў адказ на заўвагу мянчук некалькі разоў ударыў міліцыянта і паспрабаваў забраць у яго табэльны пісталет, праз што атрымаў ад супрацоўніка два стрэлы «ў мяккія тканкі». Як сьцьвярджаюць супрацоўнікі органаў унутраных справаў, пасьля інцыдэнту міліцыянт таксама лячыўся ў шпіталі.

Між тым вэрсія здарэньня ад сваякоў параненага істотна розьнілася ад таго, што казалі ў міліцыі. Паводле жонкі параненага гаспадара кватэры Анастасіі, адчыняць дзьверы пасьля званка пайшоў муж, і неўзабаве з тамбуру пачуліся крыкі і стрэлы. Першай у тамбур выбегла сястра Анастасіі. Яна потым распавядала, як міліцыянт наставіў пісталет і на яе. Сама Анастасія ўбачыла мужа, калі той ужо ляжаў на падлозе ў лужыне крыві. Паводле жанчыны, міліцыянт, які страляў, адразу зьбег. Потым Анастасія ўбачыла яшчэ дваіх супрацоўнікаў міліцыі, пра якіх яна ня ведае, прысутнічалі яны ў момант здарэньня ці падышлі пазьней. Нібыта тыя міліцыянты казалі ёй, што іхнага калегу пакараюць.

Суседзі параненага характарызавалі яго як цалкам спакойнага чалавека, які ніколі не выяўляў агрэсіі. Таксама суседзі сумняваліся, каб нехта з падʼезду выклікаў міліцыю. Іншыя жыхары дому распавядалі журналістам пра нейкага міліцэйскага начальніка, які пасьля інцыдэнту прыяжджаў ў двор і доўга размаўляў зь міліцыянтам.

Неўзабаве пасьля інцыдэнту Сьледчы камітэт завёў крымінальную справу на працаўніка «Кераміну», якую пачнуць слухаць у судзе Маскоўскага раёну Менску.

XS
SM
MD
LG