Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міграцыйная служба Ўкраіны пра страту грамадзянства Саакашвілі: Прэзыдэнт выдаў указ


Міхэіл Саакашвілі
Міхэіл Саакашвілі

Камісія па пытаньнях грамадзянства пры прэзыдэнце Ўкраіны разгледзела пытаньне аб грамадзянстве Міхэіла Саакашвілі, заяўляюць у Дзяржаўнай міграцыйнай службе.

«Матэрыялы ў дачыненьні да Міхэіла Саакашвілі прадастаўленыя Генэральнай пракуратурай Украіны, атрыманыя ад грузінскага боку, прапрацаваныя Дзяржаўнай міграцыйнай службай Украіны, накіраваныя на разгляд Камісіі па пытаньнях грамадзянства пры Прэзыдэнце Украіны, і ва ўстаноўленым парадку разгледжаныя на пасяджэньні Камісіі», — гаворыцца ў паведамленьні на сайце ведамства.

Таксама там адзначаецца, што прэзыдэнт выдаў указ пра страту грамадзянства. Між тым, тэкст пабудаваны такім чынам, што прама не паказваецца, чыйго менавіта грамадзянства, а на пытаньне Радыё Свабода ў прэс-службе ДМС адказваць адмовіліся.

На сайце прэзыдэнта Ўкраіны таксама пакуль ня зьмешчана ніякіх указаў аб грамадзянстве Саакашвілі. Па стане на 19:07 апошні дакумэнт тычыцца прызначэньня новага кіраўніка Дзяржаўнай памежнай службы.

Пра тое, што былога кіраўніка адміністрацыі Адэскай вобласьці Міхэіла Саакашвілі пазбавілі ўкраінскага грамадзянства, заявілі былы прэс-сакратар кіраўніка Службы бясьпекі Ўкраіны, а цяпер — рэдактар інтэрнэт-выданьня АВД Станіслаў Рэчынскі і дэпутат ад «Радыкальнай партыі» Ігар Масійчук.

Сам палітык трохі менш за суткі таму паведаміў у Facebook, што знаходзіцца ў ЗША, і сытуацыю пакуль яшчэ не камэнтаваў.

Радыё Свабода зьвярнулася з афіцыйнымі запытамі для пацьверджаньня або абвяржэньня гэтай інфармацыі ў Адміністрацыю прэзыдэнта Ўкраіны, Дзяржаўную міграцыйную службу і Міністэрства ўнутраных спраў (куды структурна ўваходзіць ДМС) і чакае адказу.

Украінскае грамадзянства былы прэзыдэнт Грузіі Міхэіл Саакашвілі набыў у траўні 2015 году года ў адпаведнасьці з загадам Пятра Парашэнкі. Пасьля гэтага ўкраінскі прэзыдэнт прызначыў Саакашвілі кіраўніком Адэскай абласной адміністрацыі.

7 лістапада 2016 году Міхаіл Саакашвілі абвясьціў аб сваёй адстаўцы. Ён патлумачыў гэтае рашэньне карупцыяй у рэгіёне, якую, паводле яго слоў, падтрымлівае ўлада Украіны.

9 лістапада прэзыдэнт Парашэнка падпісаў указ аб адстаўцы Саакашвілі.

У гэты пэрыяд на сваёй старонцы ў Facebook са спасылкай на «інфармаваную крыніцу» Саакашвілі заявіў, што Парашэнкадаручыў «заняцца падрыхтоўкай пытаньня аб пазбаўленьні грамадзянства па рашэньні суду», але ў «Блоку Пятра Парашэнкі» гэта адмаўлялі.

У Грузіі, дзе цяперашняя ўлада абвінавачвае былога прэзыдэнта Саакашвілі ў шэрагу крымінальных злачынстваў, яго пазбавілі грамадзянства пасьля атрыманьня ім украінскага.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG