Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Партыя Саакашвілі правярае інфармацыю аб пазбаўленьні яго грамадзянства. Афіцыйнага камэнтару ўкраінскіх уладаў няма


Міхэіл Саакашвілі
Міхэіл Саакашвілі

Партыя «Рух новых сіл» заяўляе аб адсутнасьці ў яе інфармацыі аб магчымым пазбаўленьні ўкраінскага грамадзянства свайго лідэра — Міхэіла Саакашвілі. Прадстаўнікі партыі спрабуюць праверыць гэтую інфармацыю.

Пра тое, што былога кіраўніка адміністрацыі Адэскай вобласьці Міхэіла Саакашвілі пазбавілі ўкраінскага грамадзянства, заявілі былы прэс-сакратар кіраўніка Службы бясьпекі Ўкраіны, а цяпер — рэдактар інтэрнэт-выданьня АВД Станіслаў Рэчынскі і дэпутат ад «Радыкальнай партыі» Ігар Масійчук.

«Калі гэтая інфармацыя пацьвердзіцца, гэта будзе азначаць, што [прэзыдэнт Украіны] Пятро Парашэнка, у духу свайго папярэдніка, незваротна ўстаў на шлях антыканстытуцыйных дзеяньняў дзеля ўзурпацыі і ўтрыманьня ўлады любым коштам. Гэта азначае, што асоба, якая атрымала прэзыдэнцкую булаву на крыві Майдану, спрабуе канчаткова зьнішчыць дасягненьні рэвалюцыі годнасьці. І перш за ўсё — права народу на выбар», — гаворыцца ў заяве партыі.

Паводле інфармацыі «Руху новых сіл», на мінулым тыдні Саакашвілі заклікаў фармаваць штабы і дамагацца датэрміновых выбараў.

Сам палітык трохі менш за суткі таму паведаміў у Facebook, што знаходзіцца ў ЗША, і сытуацыю пакуль яшчэ не камэнтаваў.

Радыё Свабода зьвярнулася з афіцыйнымі запытамі для пацьверджаньня або абвяржэньня гэтай інфармацыі ў Адміністрацыю прэзыдэнта Ўкраіны, Дзяржаўную міграцыйную службу і Міністэрства ўнутраных спраў (куды структурна ўваходзіць ДМС) і чакае адказу.

Прадстаўнік ДМС Сяргей Гунько адмовіўся камэнтаваць сытуацыю Радыё Свабода, кіраўнік прэс-службы Адміністрацыі прэзыдэнта і сьпікер прэзыдэнта не адказвалі на тэлефонныя званкі. На сайце прэзыдэнта Ўкраіны таксама пакуль ня зьмешчана ніякіх указаў аб грамадзянстве Саакашвілі.

Украінскае грамадзянства былы прэзыдэнт Грузіі Міхэіл Саакашвілі набыў у траўні 2015 году года ў адпаведнасьці з загадам Пятра Парашэнкі. Пасьля гэтага ўкраінскі прэзыдэнт прызначыў Саакашвілі кіраўніком Адэскай абласной адміністрацыі.

7 лістапада 2016 году Міхаіл Саакашвілі абвясьціў аб сваёй адстаўцы. Ён патлумачыў гэтае рашэньне карупцыяй у рэгіёне, якую, паводле яго слоў, падтрымлівае ўлада Украіны.

9 лістапада прэзыдэнт Парашэнка падпісаў указ аб адстаўцы Саакашвілі.

У гэты пэрыяд на сваёй старонцы ў Facebook са спасылкай на «інфармаваную крыніцу» Саакашвілі заявіў, што Парашэнкадаручыў «заняцца падрыхтоўкай пытаньня аб пазбаўленьні грамадзянства па рашэньні суду», але ў «Блоку Пятра Парашэнкі» гэта адмаўлялі.

У Грузіі, дзе цяперашняя ўлада абвінавачвае былога прэзыдэнта Саакашвілі ў шэрагу крымінальных злачынстваў, яго пазбавілі грамадзянства пасьля атрыманьня ім украінскага.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG