Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Эўразьвязе ўзгаднілі санкцыі супраць расейцаў праз пастаўкі турбін Siemens у Крым


Турбіна кампаніі Siemens

У Эўразьвязе ўзгаднілі санкцыі супраць Расеі ў сувязі з пастаўкамі турбін нямецкага канцэрну Siemens у анэксаваны Крым. Пра гэта паведамляе карэспандэнт Радыё Свабода / Свабодная Эўропа ў Брусэлі Рыкард Юзьвяк.

У санкцыйны сьпіс унясуць тры кампаніі і чатыры фізычныя асобы. Новыя абмежавальныя меры павінна будзе зацьвердзіць Рада ЭЗ. Раней агенцтва Reuters паведамляла, што ў сьпіс трапяць чыноўнікі Міністэрства энэргетыкі Расеі і кампаніі, якая пераправіла турбіны на анэксаваны паўвостраў.

Транспарціроўкай займаўся «Технопромэкспорт» — даччыная кампанія расейскай дзяржаўнай карпарацыі «Ростех». За ўстаноўку турбін адказная кампанія «Интеравтоматика».

21 ліпеня нямецкі канцэрн Siemens абвясьціў аб спыненьні паставак абсталяваньня расейскім дзяржаўным кампаніям. Прадстаўнікі Siemens заявілі, што знайшлі доказы таго, што ўсе чатыры газавыя турбіны, якія былі пастаўлены летам 2016 года ў Краснадарскі край, былі на месцы мадыфікаваныя і незаконна перамешчаныя ў анэксаваны Крым.

11 ліпеня канцэрн Siemens падаў пазоў у Арбітражны суд Масквы супраць расейскіх кампаній-партнэраў. Канцэрн запатрабаваў вярнуць у Тамань турбіны, якія знаходзяцца ў Крыме. У кампаніі «Технопромэкспорт» настойваюць, што турбіны для Крыму набылі на другасным рынку і правялі мадэрнізацыю установак сваімі сіламі. Крэмль заявіў, што на паўвостраве усталёўваюць турбіны расейскай вытворчасьці, сабраныя з расейскіх кампанэнтаў.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG