Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЗША вядуць перамовы з Брытаніяй пра гандлёвае пагадненьне пасьля Брэксыту


Адміністрацыя прэзыдэнта ЗША Дональда Трампа вядзе перамовы аб буйным гандлёвым пагадненьні зь Вялікабрытаніяй пасьля таго, як яна выйдзе з Эўразьвязу. Пра гэта Трамп распавёў у інтэрвію The Wall Street Jornal.

Паводле амэрыканскага прэзыдэнта, у Вашынгтон ужо прыяжджаў міністар міжнароднага гандлю Брытаніі Ліям Фокс. Ён сустрэўся з адміністрацыяй Белага дому і распачаў перамовы па гандлёвай дамове. Гандлёвае пагадненьне будзе ўключаць у сябе шырокі спэктар эканомікі. Трамп таксама асудзіў кіраўніцтва ЭЗ за тое, што яно нібыта перашкаджае Брытаніі пакінуць адзіную Эўропу. Прэзыдэнт ЗША назваў чыноўнікаў Брусэлю «вялікімі пратэкцыяністамі».

Перамовы аб выхадзе Вялікабрытаніі з ЭЗ пачаліся 19 чэрвеня ў Брусэлі. Яны працягнуцца да канца 2018 году. Пасьля гэтага бакам даецца шэсьць месяцаў на ратыфікацыю дамоўленасьцяў у нацыянальных парлямэнтах. Чарговы раўнд перамоваў заплянаваны на канец жніўня. На ім, як чакаецца, нададуць асаблівую ўвагу правам грамадзянаў Брытаніі і ЭЗ пасьля Брэксыту, мяжы паміж Паўночнай Ірляндыяй і Рэспублікай Ірляндыя, якая ўваходзіць у Эўразьвяз. Будзе таксама прынятае рашэньне аб фінансавых кампэнсацыях з боку Лёндану за тое, што Злучанае Каралеўства пакідае адзіную Эўропу.

Брытанія настойвае на абмеркаваньні дамовы аб свабодным гандлі з ЭЗ, але ў Брусэлі ня маюць намеру абмяркоўваць гандлёвае супрацоўніцтва да тых часоў, пакуль не атрымаюць ясных адказаў на першыя тры пытаньні.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG