Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЗША, магчыма, будуць пастаўляць зброю Кіеву


Спэцпрадстаўнік Дзярждэпартамэнту ЗША у справах Украіны Курт Волкэр падчас візыту ва Ўкраіну

Спэцпрадстаўнік Дзярждэпартамэнту ЗША ў справах Украіны Курт Волкэр падчас візыту ва Ўкраіну пацьвердзіў Радыё Свабода, што цяперашнія ўлады ЗША абмяркоўваюць пытаньне паставак абарончай зброі Ўкраіне для абароны ад расейскай агрэсіі.

На ягоную думку, тэзісы пра тое, што выдзяленьне Ўкраіне зброі «справакуе» дзяржаву-агрэсара, — няслушныя.

«Па-першае, Расея ўжо знаходзіцца ва Ўкраіне з усім сваім цяжкім узбраеньнем, — сказаў ён. — Там цяпер больш расейскіх танкаў, чым ёсьць ва ўсіх краінаў Заходняй Эўропы, разам узятых. Гэта вельмі і вельмі вялікі вайсковы кантынгент. Яшчэ большы кантынгент сканцэнтраваны на тэрыторыі Расеі ля межаў Украіны. У Расеі ёсьць поўнае права гэта рабіць, гэта яе тэрыторыя, яны могуць разьмяшчаць там столькі вайскозцаў, колькі хочуць. Так што гэтае рашэньне ніяк не „справакуе“ Расею зрабіць штосьці, чаго яны яшчэ не зрабілі. І гэта ніяк ня можа зьмяніць балянс сілаў», — падкрэсьліў Волкэр.

Новая адміністрацыя Трампа, паводле Волкэра, «пераглядае рашэньне Абамы і можа даць Украіне магчымасьць абараняць сябе».

Паводле Волкэра, папярэдняя адміністрацыя прэзыдэнта Барака Абамы не ўхваліла пастаўкі зброі ўкраінскім уладам, нягледзячы на тое, што гэта зрабілі абедзьве палаты Кангрэсу. Аднак новая адміністрацыя Трампа, паводле ягоных словаў, «пераглядае» гэтае рашэньне і можа даць Украіне магчымасьць абараняць сябе.

«Калі мы прымем такое рашэньне, гэта дасьць магчымасьць Украіне абараніць сябе ў тым выпадку, калі Расея зробіць далейшыя крокі на ўкраінскай тэрыторыі, — падкрэсьліў Волкэр. — Расея кажа, што „ня робіць нічога такога“ і не зьбіраецца гэтага рабіць. Калі гэта так — пастаўка ахоўных узбраеньняў тады не нясе ні для каго ніякага рызыкі».

Крэмль у асобе прэс-сакратара прэзыдэнта Расеі Дзьмітрыя Пяскова заявіў у адказ на словы Ўолкэра, што «любыя дзеяньні, якія правакуюць напружанасьць на лініі судакрананьня ў Данбасе, будуць адсоўваць урэгуляваньне канфлікту на ўсходзе Ўкраіны».

XS
SM
MD
LG