Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Cэнатар Коркер: праца над законапраектам аб санкцыях у дачыненьні Расеі яшчэ не завершаная


Старшыня камітэту міжнародных дачыненьняў Сэнату ЗША Боб Коркер

Старшыня камітэту міжнародных дачыненьняў Сэнату ЗША Боб Коркер заяўляе, што, нягледзячы на папярэднія паведамленьні аб двупартыйным пагадненьні, падрыхтоўка законапраекту пра новыя санкцыі ў дачыненьні Расеі яшчэ не завершаная.

«Мы ўсё яшчэ мусім крыху папрацаваць», — сказаў Боб Коркер журналістам 24 ліпеня і дадаў, што чакае хуткай ліквідацыі некаторых рознагалосьсяў.

Гэтая заява Коркера была апублікаваная неўзабаве пасьля таго, як Белы дом заявіў, што прэзыдэнт Дональд Трамп разгледзіць законапраект, каб вызначыць, гэта «найлепшая прапанова» для амэрыканскага народу.

«Ён зьбіраецца вывучыць гэты законапраект і паглядзець, як выглядае канчатковы прадукт», — заявіла 24 ліпеня прэс-сакратар Белага дома Сара Сандэрс.

Заўвагі Белага дома і Коркера супярэчаць папярэднім заявам адміністрацыі Трампа і чальцоў Кангрэсу пра статус законапраекту аб санкцыях.

22 ліпеня рэспубліканскія і дэмакратычныя кангрэсмэны ў Вашынгтоне заявілі, што дасягнулі згоды што да заканадаўства, якое прадугледжвае новыя санкцыі супраць Масквы і абмяжоўвае магчымасьці прэзыдэнта ЗША самастойна скарачаць або ўзмацняць такія санкцыі. Празь дзень пасьля гэтага Белы дом адзначаў, што гатовы прыняць заканадаўчыя зьмены, якім адміністрацыя Трампа спачатку пярэчыла.

XS
SM
MD
LG