Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Дон Кіхот» Уладзімер Мазанік змагаецца з уладамі за помнік палітычным рэпрэсаваным у Менску. Адказваюць: немэтазгодна


Уладзімер Мазанік
Уладзімер Мазанік

Усё сваё жыцьцё 88-гадовы мянчук Уладзімер Мазанік дамагаецца, каб у цэнтры Менску быў усталяваны помнік ахвярам палітычных рэпрэсіяў. Атрымаў дзясяткі адказаў з розных інстанцыяў — адміністрацыі прэзыдэнта, Міністэрства культуры, Менгарвыканкаму ды іншых з разнастайнымі фармулёўкамі, сутнасьць якіх адна: «немэтазгодна». Таму сябе Мазанік жартам называе Дон Кіхотам, які змагаецца зь ветракамі.

У архіўнай справе зьняволенага Мазаніка І.Д. месца пахаваньня не пазначана»

Уладзімер Іванавіч Мазанік — сын рэпрэсаванага ў 1941 годзе тэхніка-будаўніка наркамату саўгасаў БССР Івана Данілавіча Мазаніка. Мазанік-малодшы памятае, што бацькаў кабінэт быў на шостым паверсе Дому ўраду.

Пасьля далучэньня Заходняй Беларусі да СССР ягоны бацька часта езьдзіў ў службовыя выправы праектаваць калгасы і саўгасы ў заходніх рэгіёнах. Калі калегі з працы пыталіся, як там людзі жывуць, казаў праўду, распавядае пра бацьку Ўладзімер Іванавіч:

«У Заходняй Беларусі сяляне жывуць лепш, чым тутэйшыя калгасьнікі, казаў бацька. І прыводзіў у прыклад цэны на сала, якое ў Менску каштавала 40 рублёў, а ў Заходняй Беларусі 12 рублёў. Але знайшоўся нейкі стукач і напісаў „куды трэба“ на бацьку. Абвінавацілі яго „ў агітацыі супраць калектывізацыі“. Забралі бацьку 31 студзеня 1941 году, а 20 сакавіка прысудзілі 8 гадоў папраўча-працоўных лягераў. Тэрмін адбываў у Астрахлагу. Паводле афіцыйнай вэрсіі, ён памёр ў 1942 годзе ад сухотаў у Астраханскім лягеры».

26 сакавіка 1963 году, падчас хрушчоўскай адлігі, рашэньнем судовай калегіі Вярхоўнага суду СССР Іван Данілавіч Мазанік быў рэабілітаваны. Празь некалькі гадоў на запыт сына пра лёс загінулага бацькі з Астраханскага лягеру прыслалі турэмнае фота бацькі анфас і ў профіль і афіцыйную даведку: «У архіўнай справе зьняволенага Мазаніка І.Д. месца пахаваньня не пазначана».

З таго часу прыгнятае Ўладзімера Іванавіча тое, што невядома, дзе бацька пахаваны, няма куды прыйсьці пакланіцца і пакласьці кветкі.

«Сутнасьць усіх адказаў зь Менгарвыканкаму — «немэтазгодна»

Ужо шмат гадоў дамагаецца Ўладзімер Мазанік, каб у цэнтры Менску быў пастаўлены помнік усім рэпрэсаваным жыхарам Беларусі. Каму толькі не пісаў, пачынаючы ад старшыняў Менгарвыканкаму Мікалая Ладуцькі і Андрэя Шорца і да прэзыдэнтаў Беларусі і Расеі Аляксандра Лукашэнкі і Ўладзіміра Пуціна.

«Сутнасьць усіх адказаў зь Менгарвыканкаму — «немэтазгодна». Подпісы кіраўнікоў розныя: тагачасны старшыня Менгарвыканкаму Мікалай Ладуцька, намесьнік старшыні Ігар Карпенка, чыноўнікі «драбнейшага» ўзроўню — намесьніца начальніка ўпраўленьня культуры Віталіна Рудзікава, яе падначаленая Альхавікова.

У адным з апошніх адказаў цяперашняга старшыні Менгарвыканкаму Андрэя Шорца напісана:

«У адпаведнасьці з заканадаўствам стварэньне і ўстаноўка ў Менску памятнага знаку, прысьвечанага важнай гістарычнай падзеі, ажыцьцяўляецца на падставе заключэньня Міністэрства культуры».

Далей Шорац піша, што Менгарвыканкам зьвяртаўся ў Міністэрства культуры, паводле якога, «месца гібелі ахвяраў палітычных рэпрэсіяў 1930–40-х гадоў ва ўрочышчы Курапаты належным чынам увекавечвае памяць ахвяраў палітычных рэпрэсіяў. Усталяваньне яшчэ аднаго памятнага знаку ў Менску, прысьвечанага гэтай тэматыцы, немэтазгодная».

Неяк Уладзімер Мазанік з гісторыкам Ігарам Кузьняцовым трапілі на прыём да Шорца, але бяз выніку.

«Міністэрства адсылае у Менгарвыканкам — атрымліваецца зачараванае кола»

У адказах Міністэрства культуры на шматлікія канкрэтныя просьбы Мазаніка паставіць памятны знак ахвярам палітычных рэпрэсіяў у сквэры пры вуліцы Гарадзкі Вал за подпісамі міністра Барыса Сьвятлова, першай намесьніцы міністра Ірыны Дрыгі, намесьніка міністра Тадэвуша Стружэцкага тэкст адзін і той самы:

«Сквэр разьмяшчаецца на тэрыторыі аховы ляндшафту згодна праекту зонаў аховы гістарычна-культурнай каштоўнасьці катэгорыі 1 — гістарычны цэнтар (ХІ — ХХ стагодзьдзі), які зацьверджаны пастановай Міністэрства культуры ад 21.03.2013 году № 6. Устаноўка памятнага знаку на тэрыторыі пазначанага сквэру не супярэчыць рэглямэнтам названага праекту зонаў аховы. Памятны знак можа быць пастаўлены на падставе рашэньня Менгарвыканкаму».

«А Менгарвыканкам пастаянна піша пра „немэтазгоднасьць“ усталяваньня мэмарыяльнага знаку ў тым месцы. Такім чынам, атрымліваецца зачараванае кола», — кажа Ўладзімер Мазанік.

Больш за ўсё зьдзіўляе сына палітвязьня Ўладзімера Мазаніка пазыцыя міністра культуры Барыса Сьвятлова, бацька якога Ўладзімер Сьвятлоў таксама быў рэпрэсаваны і быў вязьнем ГУЛАГу.

А мітрапаліт Філарэт падараваў атэісту Ўладзімеру Мазаніку кнігу «Незабвенные дни» з надпісам «Рабу Божаму Ўладзімеру Іванавічу — Мітрапаліт Менскі і Слуцкі, патрыяршы экзарх усяе Беларусі Філарэт».

«Напісаў скаргу асабіста Лукашэнку, адказу не атрымаў»

Некалькі разоў адказы з адміністрацыі прэзыдэнта прыходзілі за подпісам Станіслава Букі, начальніка аддзелу Ўпраўленьня працы са зваротамі грамадзянаў, які накіроўваў Мазаніка ў Менгарвыканкам. Уладзімер Іванавіч хадзіў на асабісты прыём да тагачаснага памочніка і начальніка галоўнага ідэалягічнага ўпраўленьня адміністрацыі прэзыдэнта Ўсевалада Янчэўскага, які ўважліва выслухаў Мазаніка, ківаў галавой, але адразу адказу ня даў, паабяцаў вывучыць праблему.

«Янчэўскі так і не адказаў, а на ўсе мае просьбы злучыць праз тэлефон зь Янчэўскім сакратарка адказвала, што гэта немагчыма, шэф заўсёды заняты».

Таму Мазанік вырашыў напісаць ужо нават ня ліст, а скаргу на імя кіраўніка дзяржавы Аляксандра Лукашэнкі.

«Безумоўна, Курапаты — вялікая братняя магіла, там забітыя і пахаваныя дзясяткі тысяч чалавек. Аднак Курапаты не ахопліваюць усіх маштабаў злачынстваў сталінізму. Вакол Менску і ўсіх гарадоў Беларусі знаходзіцца мноства магілаў, дзе знаходзяцца не дзясяткі, а сотні тысяч чалавек. Раней я жыў на вуліцы Альшэўскага, а там побач таксама месца масавых расстрэлаў — Цівалі. А колькі людзей наагул невядома дзе пахаваныя, як мой бацька Іван Данілавіч, які загінуў каля Астрахані, бацька майго суседа Ярашэвіча расстраляны ці то ў Маскве, ці то ў Архангельскай вобласьці. Нашых ні ў чым не вінаватых бацькоў пазбавілі жыцьцяў, нас пазбавілі дзяцінства, а дзяржава не жадае паставіць памятны камень, куды можна было б прыйсьці і пакласьці кветкі. Помнік, мэмарыяльны камень павінен быць пастаўлены ў цэнтры гораду — як абэліск на плошчы Перамогі. Я гатовы аддаць сваю пэнсію на такі помнік у цэнтры Менску», — кажа сын палітвязьня.

Мазанік — Пуціну: «Зьвярнуцца да Лукашэнкі немачыма, замоўце за нас слова»

Страціўшы надзею атрымаць адказ Лукашэнкі, Уладзімер Мазанік напісаў ліст да Ўладзіміра Пуціна:

«Міністар культуры, мэр Менску аказаліся абыякавымі да нашай просьбы, а зьвярнуцца да Лукашэнкі немагчыма: ягоныя вартавыя не дапускаюць на асабісты прыём, не даходзяць да прэзыдэнта нашыя лісты, звароты, скаргі. Замоўце за нас слова, каб я, сын рэпрэсаванага, а таксама вядомы гісторык і прадстаўнік „Мэмарыялу“ былі прынятыя Лукашэнкам».

Больш за год прайшоў, Пуціну накіраваныя тры звароты, а адказу з адміністрацыі расейскага прэзыдэнта дагэтуль няма.

На думку Ўладзімера Мазаніка, Беларусь павінна ўзяць прыклад з Расеі і Казахстану — і ў Маскве, і ў Санкт-Пецярбургу, і ў Астане падобныя помнікі пастаўленыя.

У Маскве першы мэмарыял ахвярам палітычных рэпрэсіяў «Салавецкі камень» быў усталяваны на Лубянцы насупраць будынку КДБ яшчэ 30 кастрычніка 1990 году. А сёлета 30 кастрычніка ў Маскве на скрыжаваньні Садовага кальца і праспэкту Сахарава будзе адкрыты манумэнт «Сьцяна смутку». Указ аб узьвядзеньні мэмарыялу падпісаў прэзыдэнт Пуцін.

У сталіцы Казахстану Астане ў 2007 годзе быў адкрыты музэйна-мэмарыяльны комплекс ахвяраў палітычных рэпрэсіяў і таталітарызму «АЛЖИР». А сёлета ў Алматы адкрыты манумэнт у парку «Карагайлы».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG