Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Джарэд Кушнер дасьць паказаньні ў Кангрэсе па «расейскай справе»


Камітэты Сэнату і Палаты прадстаўнікоў ЗША маюць намер распытаць дарадцу і зяця прэзыдэнта Трампа пра ягоныя кантакты з шэрагам асобаў з Расеі.

Расьсьледаваньне расейскага ўмяшаньня ў выбары ў ЗША перайшло на новую тэрыторыю пасьля таго, як камітэты Кангрэсу вырашылі атрымаць інфармацыю ад двух чальцоў сямʼі прэзыдэнта Трампа. Адным зь іх зьяўляецца зяць прэзыдэнта Джарэд Кушнер, які, як чакаецца, зьявіцца ў Кангрэсе ўжо сёньня.

Кушнера можна назваць чалавекам, якога часта бачаць, але рэдка чуюць. Гэта адзін з бліжэйшых дарадцаў Трампа, якому даручана задача дасягненьня мірнага пагадненьня на Блізкім Усходзе і каардынуючага намаганьні адміністрацыі па мадэрнізацыі фэдэральнага ўрада.

Кушнер прыме ўдзел у закрытых слуханьнях камітэтаў Сэнату і Палаты прадстаўнікоў па выведцы. Абодва камітэты хочуць атрымаць інфармацыю пра ягоныя кантакты з прадстаўнікамі Расеі, уключаючы сьнежаньскую сустрэчу з расейскім паслом, а таксама сустрэчу з расейскім адвакатам і іншымі людзьмі, зьвязанымі з Масквой, у чэрвені мінулага года.

Апошняя сустрэча прыцягнула вялікую ўвагу пасьля таго, як сын прэзыдэнта — Дональд Трамп-малодшы — апублікаваў перапіску, якая сьведчыць пра актыўную цікавасьць, якую ён праявіў да выкрывальніцкіх матэрыялаў адносна апанэнткі Трампа на выбарах — дэмакраткі Гілары Клінтан, якія, як ён чакаў, мог даць расейскі адвакат.

У сустрэчы (акрамя Кушнера) таксама ўдзельнічалі Трамп-малодшы і тагачасны кіраўнік перадвыбарчага штабу Трампа Пол Манафорт. Першапачаткова плянавалася, што яны выступяць у бліжэйшыя дні ў камітэце Сэнату па пытаньнях судовай улады, але слуханьні зь іх удзелам былі адкладзеныя з улікам таго, што яны прадставяць камітэту дакумэнтальныя зьвесткі і інфармацыю.

У сытуацыі, калі расьсьледаваньне закранула людзей з бліжэйшага атачэньня кіраўніка дзяржавы, узьніклі пытаньні аб магчымым выкарыстаньні Трампам ягонага як прэзыдэнта права на памілаваньне. Юрысты Трампа адзначаюць, што Канстытуцыя надзяляе прэзыдэнта шырокімі паўнамоцтвамі па памілаваньні, але настойваюць, што такая магчымасьць не разглядаецца.

«Мы не вывучаем гэтае пытаньне, паколькі праблема памілаваньня — не ў парадку дня, — заявіў адвакат прэзыдэнта Джэй Сэкулоў, выступаючы ў праграме „На гэтым тыдні“ на тэлеканале АВС. — Няма падставаў для памілаваньня».

У той жа час Белы дом настойвае, што ўвага СМІ на «расейскім расьсьледаваньні» нічым не абгрунтавана.

XS
SM
MD
LG